Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

30.10.2023

У НАН Беларусі дадзены старт 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі

Сёлета ў Антарктыду адправяцца 13 чалавек пад кіраўніцтвам дасведчанага палярніка, удзельніка ўсіх папярэдніх 15-ці экспедыцый Аляксея Гайдашова. У складзе экспедыцыі навуковыя супрацоўнікі НАН Беларусі (Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, Інстытута прыродакарыстання, Інстытута фізікі), БДУ, Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы і інш. арганізацый краіны. У камандзе — 7 спецыялістаў, якія ўжо маюць досвед працы ў Антарктыдзе, і 6 чалавек — пачаткоўцы. Важны момант: навуковыя супрацоўнікі складаюць палову складу экспедыцыі.

Як адзначыў, звяртаючыся да палярнікаў, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, у навуковым плане экспедыцыя выконвае шырокі спектр даследаванняў. «У сезон 2023—2031 гадоў 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі трэба будзе амаль шэсць месяцаў знаходзіцца на Лядовым кантыненце, працягнуць абсталяванне Беларускай антарктычнай станцыі ў раёне гары “Вячэрняя”, правесці дзясяткі навуковых даследаванняў і эксперыментаў, выканаць тысячы навуковых вымярэнняў прыродных параметраў васьмі мерапрыемстваў у рамках падпраграмы «Развіццё дзейнасці Беларускай антарктычнай станцыі» Дзяржаўнай праграмы «Навукова-інавацыйная дзейнасць Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» на 2021—2025 гады. У ходзе работы ў складзе 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі вам трэба будзе развіць і дапоўніць атрыманыя раней вынікі і выканаць работы па новых напрамках у рамках навукова-тэхнічных заданняў па мерапрыемствах праграмы», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў. Сярод новых напрамкаў навуковай дзейнасці — работы па ўводзе ў эксплуатацыю сейсмічнай станцыі ў раёне размяшчэння Беларускай антарктычнай станцыі і работы па забеспячэнні палявым матэрыялам (імхі, лішайнікі і інш.) для вывучэння фітахімічнага і фармакалагічнага патэнцыялу прадстаўнікоў ліхенабіёты і брыяфлоры Антарктыкі з ужываннем омікс-тэхналогій і інш.

У сваю чаргу, начальнік 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў падкрэсліў, што кожны год экспедыцыя папаўняецца новымі прыборамі, апаратамі і комплексамі. «У нас ёсць усё на самым высокім узроўні для выніковай навуковай працы», — адзначыў Аляксей Гайдашоў.

Авангардная каманда 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі адправіцца на Лядовы кантынент у пачатку лістапада. Вяртанне ў Мінск 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі плануецца ў трэцяй дэкадзе мая 2031 года.

Каманда 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі: Аляксей Гайдашоў — начальнік экспедыцыі; Уладзімір Несцяровіч — начальнік сезоннай палявой базы «Гара Вячэрняя»; Аляксей Барысавец — вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік — азонаметрыст; Ягор Корзун — вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік — біёлаг; Мікалай Зінькевіч — галоўны спецыяліст па сувязі; Віталь Хілько — вядучы спецыяліст аўтамеханік; Павел Конанаў — вядучы спецыяліст, электраманцёр; Уладзімір Чарнюк — вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік — эколаг; Андрэй Мурашка — вядучы спецыяліст — навуковы супрацоўнік, глебазнаўца, геалагічныя даследаванні; Аляксандр Калевіч — вядучы спецыяліст, навуковы супрацоўнік — фізік; Аляксандр Бурдак — вядучы спецыяліст, майстар-механік, слесар, мантажна-зварачныя работы; Леанід Нікіцюк — галоўны спецыяліст, урач-хірург; Сяргей Люты — вядучы спецыяліст — заг. вытворчасці харчавання.