2 лістапада 2023 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбыўся круглы стол «Пытанні развіцця сучаснай літаратуры Хакасіі і Беларусі».
Арганізатарамі выступілі НАН Беларусі, Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Хакасія, Хакаскі навукова-даследчы інстытут мовы, літаратуры і гісторыі. Мерапрыемства прайшло ў анлайн-фармаце з вочным і дыстанцыйным удзелам. Прадстаўнікі Хакаскага навукова-даследчага інстытута падрыхтавалі грунтоўную прэзентацыю літаратуры свайго рэгіёна ў цяперашнім часе і ў рэтраспектыве. Навукоўцы з Беларусі прапанавалі агляд сучаснага айчыннага літаратурнага працэсу ў розных аспектах, а таксама пазначылі найважнейшыя аспекты дзейнасці Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы.
Важным вынікам мерапрыемства стала падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Хакаскім навукова-даследчым інстытутам мовы, літаратуры і гісторыі.