9 лістапада 2023 г. у Прэзідыуме Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пад кіраўніцтвам Старшыні Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Гусакова адбылося рабочае пасяджэнне па пытаннях арганізацыі і правядзення конкурсу на саісканне Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь 2024 года. У ім прынялі ўдзел кіраўнікі двух падкамітэтаў — падкамітэта ў галіне навукі і тэхнікі і падкамітэта ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, іх намеснікі, а таксама адказныя сакратары падкамітэтаў.
Адкрываючы пасяджэнне, Уладзімір Гусакоў падкрэсліў: «На Камітэт па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь ускладаецца падрыхтоўка прапаноў для Кіраўніка Дзяржавы аб прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь нам даверана правесці адбор найлепшых з найлепшых работ, аўтары якіх вартыя насіць імя лаўрэата Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь. Мэта сённяшняга пасяджэння — даць старт працы падкамітэтаў па правядзенні конкурсу 2024 года на саісканне Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі і ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры».
Сёння на пасяджэнні пазначаны парадак правядзення пасяджэнняў падкамітэтаў у галіне навукі і тэхнікі, у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры, а таксама парадак экспертнага разгляду работ.
Для ўдзелу ў конкурсе на саісканне Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь 2024 года вылучана 12 работ, якія пройдуць шматэтапны разгляд. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь будзе прысуджана не больш за шэсць прэмій.
Як вядома, Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сведчаннем найвышэйшага прызнання заслуг дзеячаў навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры перад грамадствам і дзяржавай. Дзяржаўныя прэміі прадугледжваюцца ў выглядзе Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі і Дзяржаўнай прэміі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь адзін раз на чатыры гады (пачынаючы з 2016 года) прысуджае грамадзянам Беларусі тры Дзяржаўныя прэміі ў галіне навукі і тэхнікі за выдатныя работы, адкрыцці і навуковыя дасягненні, вынікі якіх істотна ўзбагацілі айчынную і сусветную навуку і тэхніку, аказалі значны ўплыў на развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу і павышэнне эфектыўнасці эканомікі, забеспячэнне здароўя насельніцтва і аховы навакольнага асяроддзя. Таксама тры Дзяржаўныя прэміі прысуджаюцца ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры за глыбокія па змесце і адметныя па форме выдатныя работы (творы літаратуры, мастацтва і архітэктуры, дасягненні выканальніцкага майстэрства), якія істотна ўзбагачаюць нацыянальную і сусветную культуру, спрыяюць сцвярджэнню агульначалавечых каштоўнасцей і ідэй гуманізму.
Склад Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь сфарміраваны па ўзгадненні з міністэрствамі і ведамствамі і ўключае 68 чалавек. Гэта буйныя кіраўнікі, спецыялісты-практыкі, выдатныя навукоўцы, майстры мастацтва, літаратуры і архітэктуры Рэспублікі Беларусь. У тым ліку 39 экспертаў уключаны ў склад падкамітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі, 26 экспертаў — у склад падкамітэта ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Прэзідыум камітэта складаецца з 5 чалавек (сярод іх — і кіраўнікі падкамітэтаў).