Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.11.2023

Беларускія палярнікі пачалі рэалізацыю ключавых навуковых праграм

Беларускія палярнікі пачалі рэалізацыю ключавых навуковых праграм. У гонар адкрыцця 16-га антарктычнага сезона на флагштоках Беларускай антарктычнай палявой базы Гара Вячэрняя ўзняты дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і сцяг НАН Беларусі. Пра гэта паведаміў у Прэзідыум НАН Беларусі начальнік 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі (16-я БАЭ) Аляксей Гайдашоў.

«У працэсе выканання авіяцыйных пералётаў, разгортвання жыццядзейнасці і навуковых праграм асабовы склад 16 БАЭ прадэманстраваў зладжаную камандную працу, дысцыплінаванасць і высокія маральна-валявыя якасці. Асаовты склад 16 БАЭ здаровы, сістэмы жыццезабеспячэння, сродкі транспарту і сувязі, навуковыя прыборы і абсталяванне падрыхтаваны да далейшай эксплуатацыі і працуюць у штатным рэжыме, пачата рэалізацыя ключавых навуковых праграм. На палявой базе Гара Вячэрняя ёсць неабходныя запасы паліва, прадуктаў харчавання, медыкаментаў. 18 лістапада адбылося ўрачыстае мерапрыемства — у гонар адкрыцця шаснаццатага антарктычнага сезона на флагштоках Беларускай антарктычнай палявой базы Гара Вячэрняя падняты дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і сцяг Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», — праінфармаваў Аляксей Гайдашоў.

30 кастрычніка 2023 года ў НАН Беларусі дадзены ўрачысты старт 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. Сёлета ў Антарктыду адправіліся 13 чалавек пад кіраўніцтвам дасведчанага палярніка, удзельніка ўсіх папярэдніх 15-ці экспедыцый Аляксея Гайдашова. У складзе экспедыцыі навуковыя супрацоўнікі НАН Беларусі (Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, Інстытута прыродакарыстання, Інстытута фізікі), БДУ, Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы і інш. арганізацый краіны. У камандзе — 7 спецыялістаў, якія ўжо маюць досвед працы ў Антарктыдзе, і 6 чалавек — пачаткоўцы. Навуковыя супрацоўнікі займаюць палову складу экспедыцыі.

Тэгi
#16-я БАЭ