Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.11.2023

26–29 лістапада ў НАН Беларусі праходзіць візіт дэлегацыі Акадэміі навук Рэспублікі Башкартастан

27 лістапада 2023 года адбыліся перамовы кіраўніцтва НАН Беларусі з дэлегацыяй Акадэміі навук Рэспублікі Башкартастан на чале з прэзідэнтам Камілем Рамазанавым. Быў абмеркаваны бягучы стан супрацоўніцтва НАН Беларусі і навуковых арганізацый Башкартастана, ход рэалізацыі Плана мерапрыемстваў па развіцці навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва НАН Беларусі і АН Рэспублікі Башкартастан на 2023—2025 гады, а таксама перспектыўныя напрамкі развіцця ўзаемадзеяння.

Як адзначыў у ходзе сустрэчы Уладзімір Гусакоў, НАН Беларусі надае асаблівае значэнне развіццю супрацоўніцтва з Башкартастанам. «Мы сёння актыўна ўзаемадзейнічаем з цэлым шэрагам навуковых цэнтраў Расійскай Федэрацыі. У нас склаліся плённыя, рэзультатыўныя сувязі з вашай Рэспублікай па многіх напрамках, асабліва ў галіне нафтахіміі. Мы нацэлены на практычны вынік, наша мэта — прыкладныя даследаванні. І мы ў найбліжэйшы час павінны вызначыць новыя найбольш прыярытэтныя напрамкі і канкрэтныя праекты навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, якія будуць найбольш выніковымі і ўзаемавыгаднымі для Беларусі і Башкартастана», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў. У ходзе сустрэчы было адзначана, што на палях X Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі 26–28 чэрвеня 2023 года ў г. Уфа адбылося падпісанне Плана мерапрыемстваў па развіцці навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва НАН Беларусі і Акадэміі навук Рэспублікі Башкартастан на 2023–2025 гады. Распрацавана «Дарожная карта» навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Акадэміі Навук Рэспублікі Башкартастан на 2023–2025 гг., якая прадугледжвае супрацоўніцтва па такіх напрамках, як хімічныя тэхналогіі і новыя матэрыялы, фізіка-матэматычныя, тэхнічныя навукі і інш.

У сваю чаргу, Прэзідэнт Акадэміі навук Рэспублікі Башкартастан Каміль Рамазанаў адзначыў, што вучоныя рэспублікі плённа працуюць з навуковымі арганізацыямі НАН Беларусі. Акадэміі навук Беларусі і Башкартастана прапрацавалі «Дарожную карту супрацоўніцтва» з максімальным узроўнем прапрацоўкі, які дазволіць даць вынікі ў найбліжэйшай будучыні. Але супрацоўніцтва патрабуе пашырэння па ўсіх сферах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. У прыватнасці, Башкартастан сёння зацікаўлены ў развіцці супрацоўніцтва з Беларуссю ў галіне сельскагаспадарчых навук, селекцыі збожжавых культур, біялагічных і гуманітарных навук.

26–29 лістапада ў НАН Беларусі праходзіць візіт дэлегацыі Акадэміі Ннавук Рэспублікі Башкартастан. Госці наведалі пастаянна дзеючую выставу «Дасягненні айчыннай навукі — вытворчасці». У ходзе візіту члены дэлегацыі азнаёмяцца з дзейнасцю і апошнімі распрацоўкамі вучоных цэлага шэрагу навуковых арганізацый НАН Беларусі: ДНУ «Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі», ДНУ «Інстытут хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі», ДНУ «Інстытут фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі», ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве», ДНУ «Інстытут цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі», РУП «НПЦ НАН Беларусі па харчаванні», РНДУП «Інстытут абароны раслін», РНДУП «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі», ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі».