Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.12.2023

НАН Беларусі назвала пераможцаў конкурсу «Топ-10» за 2023 год

На падставе вынікаў конкурсу па выніках 2023 года Бюро Прэзідыума НАН Беларусі прыняло рашэнне прызнаць Топ-10 вынікаў дзейнасці вучоных Акадэміі навук за 2023 год у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў.

1. Выяўлены прамы і адваротны эфект у працэсе Швінгера ўтварэння электрон-пазітронных пар у звышмоцных электрычных палях (ДНУ «Інстытут фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі», Аддзяленне фізікі, матэматыкі і інфарматыкі).
2. Распрацаваны ўзмацняльнік-фарміравальнік імпульсаў току напампоўкі лазерных дыёдаў (УФІТ) для радыёлакацыйных датчыкаў (ААТ «Мінскі НДІ радыёматэрыялаў» НАН Беларусі, Аддзяленне фізікі, матэматыкі і інфарматыкі).
3. Створана тэхналогія вырабу звышправодных высокачастотных ніёбіевых рэзанатараў паскаральнікаў электронаў і пратонаў (ДНУ «Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі», Аддзяленне фізіка-тэхнічных навук).
4. Устаноўлены сінергізм новых вытворных ізатыязолу ва ўзаемадзеянні з субстанцыямі проціпухлінных прэпаратаў «першай лініі», якія забяспечваюць узмацненне цытатаксічнага дзеяння і павышэнне эфектыўнасці хіміятэрапіі раку (ДНУ «Інстытут фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі», Аддзяленне хіміі і навук аб Зямлі).
5. Распрацавана метадалогія павышэння дакладнасці доўгатэрміновых гідраметэаралагічных прагнозаў і канкрэтызацыі імавернасці фарміравання катастрафічных паводак на рэках (ДНУ «Інстытут прыродакарыстання НАН Беларусі», Аддзяленне хіміі і навук аб Зямлі).
6. Устаноўлена папуляцыйна-генетычная структура і прырода рассялення іксодавых кляшчоў на тэрыторыі Беларусі (ДНВА «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах», Аддзяленне біялагічных навук).
7. Распрацаваны сінтэз эфектыўных імунагенных арыгінальных пептыдных блакатараў пранікнення віруса грыпу ў клетку, як аснова новай стратэгіі ў вакцынапрафілактыцы і супрацьвіруснай тэрапіі (ДНУ «Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі», Аддзяленне медыцынскіх навук).
8. Выяўлены і даследаваны ўнікальныя гістарычныя аб’екты і артэфакты археалагічнага комплексу на р. Менцы (ДНУ «Інстытут гісторыі НАН Беларусі», Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў).
9. Створана сістэма ацэнкі пасяўнога матэрыялу і на гэтай базе тэорыя і практыка вывядзення высокаўраджайных сартоў зыходнага трыцікале азімага (РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве», Аддзяленне аграрных навук).
10. Створана электронна-лічбавая і праграмная прылада біяметрычнай ідэнтыфікацыі перадмастытнага стану малочнага статка буйной рагатай жывёлы (РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі», Аддзяленне аграрных навук).

Конкурс «Топ-10» вынікаў дзейнасці вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў праводзіцца штогод з мэтай заахвочвання за найбольш выдатныя дасягненні ў галіне фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў, якія маюць важнае значэнне для развіцця створаных навуковых школ або фарміравання напрамкаў навукі, звязаных з рэалізацыяй прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, распрацоўкай новых тэхналагічных працэсаў, навукаёмістай, канкурэнтаздольнай прадукцыі, і накіраваны на стымуляванне спаборнасці і творчай актыўнасці вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Вынікі навуковай дзейнасці навукоўцаў прадстаўляюцца на конкурс «Топ-10», калі яны адпавядаюць наступным крытэрыям: вынік апублікаваны ў выданні, якое мае высокі імпакт-фактар; публікацыя ўключана ў міжнародныя базы даных; атрыманая прынцыпова новая навуковая інфармацыя ўпершыню апублікавана ў выглядзе кніжнага выдання (раздзела ў манаграфіі) і мае важнае значэнне для прагрэсу айчыннай і сусветнай навукі, будзе аказваць істотны ўплыў на развіццё эканомікі краіны, рашэнне сацыяльных, экалагічных і іншых праблем; на аснове вынікаў даследаванняў створаны аб'ект новай тэхнікі (спосаб, тэхналагічны працэс), па большасці тэхнічных параметраў адпаведны сусветнаму ўзроўню.