Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

02.05.2024

30 красавіка 2024 года адбылася сесія Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

30 красавіка 2024 года адбылася сесія Агульнага сходу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У ёй прынялі ўдзел каля 400 прадстаўнікоў акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі, кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, вядомыя навукоўцы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Сяргей Хаменка, намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Мар’яна Шчоткіна, кіраўнік Прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў г. Мінску, Старшыня Дзяржаўнага камітэта навукі і тэхналогій Рэспублікі Беларусь Сяргей Шлычкоў, Старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Гучок і іншыя высокія госці.

Са справаздачай аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2023 годзе і задачах на 2024 год выступіў Галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі Васіль Гурскі.

Як адзначыў перад сесіяй Агульнага сходу Васіль Гурскі, НАН Беларусі як вядучая навуковая арганізацыя краіны актыўна развіваецца, пастаянна актуалізуе тэматыку навуковых даследаванняў, пашырае кампетэнцыі і не толькі павялічвае колькасць навуковых даследаванняў, але і развіваецца як навукова-вытворчая карпарацыя, бесперапынна ўкараняючы распрацоўкі як у сваю вытворчасць, так і ў эканоміку краіны. «У 2023 годзе ўсе запланаваныя мэтавыя паказчыкі НАН Беларусі былі выкананы. Агульны аб’ём вытворчасці павялічыўся больш чым на 14 %. Аб’ём вытворчасці высокатэхналагічнай навуковай прадукцыі вырас больш чым на 20 %», — адзначыў Васіль Гурскі.

Пасля дакладу ў спрэчках прынялі ўдзел 16 чалавек: акадэмікі, член-карэспандэнты, кіраўнікі навуковых арганізацый, вядучыя навукоўцы краіны. Навуковая супольнасць вызначыла і напрамкі перспектыўнага развіцця. Па выніках работы сесіі прынята за аснову пастанова Агульнага сходу «Аб выніках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2023 годзе і задачах на 2024 год».

У рамках работы сесіі Агульнага сходу была арганізавана выстава найноўшых дасягненняў арганізацый НАН Беларусі па прыярытэтных напрамках, на якой былі прадстаўлены інавацыйныя праекты і навуковыя распрацоўкі. Навукоўцы-гуманітарыі прадставілі экспазіцыю новых кніжных выданняў і археалагічных знаходак.