21 мая 2024 г. Інстытут філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць Міжнародную навуковую канферэнцыю «Дыялектычная метадалогія ў сістэме трансдысцыплінарных даследаванняў», прысвечаную 95-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага філосафа другой паловы XX — пачатку XXI стагоддзя, аднаго з заснавальнікаў акадэмічнай філасофскай школы Беларусі акадэміка НАН Беларусі Дзмітрыя Іванавіча Шыраканава (1929–2023 гг.).
Мэтай канферэнцыі з’яўляецца абмеркаванне навуковай спадчыны Д. І. Шыраканава і яго ўкладу ў філасофскую метадалогію, абагульненне вопыту філасофскіх даследаванняў другой паловы XX — пачатку XXI стагоддзяў у галіне анталогіі і тэорыі пазнання і вызначэнне перспектыў развіцця філасофскіх ведаў у сучасных умовах. Істотная характарыстыка яго творчасці — нацэленасць на рашэнне глыбінных праблем філасофскіх ведаў. Шматлікія працы Дзмітрыя Іванавіча ўнеслі істотны ўклад у развіццё філасофскай думкі ў нашай краіне. Яго даследаванні атрымалі шырокае міжнароднае прызнанне.
Кола філасофскіх інтарэсаў Д. І. Шыраканава і даследаваных ім праблем незвычайна шырокае: дыялектыка неабходнага і выпадковага; узаемасувязь катэгорый дыялектыкі; дыялектычная інтэрпрэтацыя станаўлення і развіцця катэгорый пазнання; даследаванне трактовак катэгорый нямецкай класічнай філасофіі; дыялектыка ўзаемасувязі катэгорый пазнання ў філасофскіх даследаваннях XX стагоддзя; прынцыпы тэарэтычнага мыслення ў гісторыі пазнання; раскрыццё спецыфікі сучаснага стылю мыслення і звязаных з ім метадаў пазнання.
Праграму і матэрыялы канферэнцыі можна знайсці на сайце Інстытута філасофіі https://philosophy.by/ru/event/event-2024-05-21/