Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

29.05.2024

На «БЕЛАГРА–2024» каля 50 арганізацый НАН Беларусі прадставяць звыш 300 распрацовак і тэхналогій

Каля 50 арганізацый НАН Беларусі прымуць удзел у Міжнароднай спецыялізаванай выставе «БЕЛАГРА–2024». Усяго навукоўцы і спецыялісты Акадэміі навук у закрытым павільёне (266 м. кв.) і на пляцоўцы (658 м. кв.) прадэманструюць звыш 300 інавацыйных распрацовак і тэхналогій для сельскай гаспадаркі.

Сёлета з інавацыйнымі прадуктамі і тэхналогіямі навукоўцаў можна будзе азнаёміцца ў наступных тэматычных блоках: «Разумная сельская гаспадарка», «Біятэхналогіі», «Экалагічна чыстыя ўгнаенні», «Лічбавыя рашэнні для аграрнага сектара», «Харчовая бяспека» і «Сельскагаспадарчая тэхніка».

Экспазіцыя РУП «НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі» будзе традыцыйна прадстаўлена новымі машынамі, абсталяваннем і прыборамі для тэхнічнага забеспячэння інавацыйных тэхналогій аграпрамысловага комплексу. Так, мабільная рабатызаваная платформа прызначана для маніторынгу за станам і доглядам пасадак сельскагаспадарчых культур. Падштурхоўвальнік корму напаўнавясны ПКП-0,9 распрацаваны для падштурхоўвання грубых кармоў (сена, салома, сілас, сянаж) і кармасумесей бліжэй да кармавога стала жывёл. Сярод навінак — падборшчык валунных камянёў ПВК-1 (для падбору і транспарціроўкі валунных камянёў); плуг абаротны навясны з змяняльным цэнтрам мас; раскідвальнікі пяску навясныя ПН; апырсквальнік двухрадковы для ягаднікаў ОД-2 і інш.
РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па земляробстве» прадэманструе ў рамках выставы насенне новых сартоў асноўных сельскагаспадарчых культур, створаных вучонымі-аграрыямі на базе цэнтра, з высокім патэнцыялам прадукцыйнасці і ўраджайнасці, раянаваных на 2023–2024 гг.: пшаніца азімая Ілві, Грэя, Стася, Лея; пшаніца яравая Знамя, Стася; жыта Уліса, Жалейка; трыцікале азімае Авеню, Экватар, Барэц; трыцікале яравае Дзела, ячмень яравы Ліцвін, Фанцік; авёс Зеніт; грэчка Дзея, Дзеліва; гарох палявы Стымул; рапс азімы Кардынал, Раднік; рапс яравы Геліус і інш.
Кітайска-беларускае сумеснае закрытае акцыянернае таварыства «Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы» (ЗАТ «АТК») пакажа авіямадэль мультыротарнага тыпу «Аградрон А60-Х», прызначаную для ўнясення сродкаў аховы раслін па тэхналогіі ультрамалааб’ёмнага апырсквання.
«Інстытут пладаводства НАН Беларусі» прадставіць не толькі новыя сарты яблыкаў, бружмелі, але і ўраджайныя сарты фундуку селекцыі вучоных Інстытута для прамысловага і прысядзібнага вырошчвання. Арэхі вельмі буйныя, сярэдняя маса ў шкарлупіне 3 г. Выхад ядра падчас збору — 64 %, пасля сушкі — 48–53 %. Ядро вялікае або сярэдняга памеру. Пры доўгім захоўванні ядро слаба сціскаецца. Дэгустацыйная адзнака свежых арэхаў — 4,7–5 балаў.
РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці» пакажа распрацаваны асартымент групы спецыялізаваных нізкалактозных і безлактозных малочных прадуктаў для харчавання людзей з лактознай недастатковасцю. Тэхналогія вытворчасці дазволіць выключыць з’яўленне залішняй салодкасці гатовага прадукту за кошт больш нізкай колькасці рэдукуючых цукраў.
Дзяржаўнае прадпрыемства «Цэнтр святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН Беларусі» прадэманструе святлодыёднае электраасвятленне для агародніцтва закрытага грунту.
Сярод найбольш актуальных распрацовак НАН Беларусі на выставе таксама будуць прадстаўлены: лічбавая ідэнтыфікацыя і прасочвальнасць тавараў у ланцугах паставак і бяспекі прадукцыі; прадукты харчавання для дзяцей на плодаагародніннай, мясной і малочнай асновах; ветэрынарныя прэпараты, рэгулятары росту раслін, інавацыйныя ўгнаенні і многае іншае.

Міжнародная спецыялізаваная выстава «Белагра–2024» пройдзе ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень» 4–9 чэрвеня.

Тэгi
#выставы