Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

31.05.2024

У НАН Беларусі ўпершыню атрымана ацэнка ўздзеяння навуковых станцый на атмасфернае паветра антарктычнага аазіса

Навукоўцы Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі (загадчык лабараторыі трансгранічнага забруджвання доктар тэхнічных навук, прафесар Сяргей Какарэка і вядучы навуковы супрацоўнік Святлана Салівончык) упершыню правялі ацэнку сукупнага ўздзеяння навуковых станцый на атмасфернае паветра Пагоркаў Ларсеман — аднаго з найбольш асвоеных аазісаў Усходняй Антарктыды.

Праведзеныя беларускімі навукоўцамі даследаванні дазволілі ацаніць уздзеянні на атмасфернае паветра ад працы ўсіх навуковых станцый, размешчаных у Пагорках Ларсеман, за ўвесь перыяд асваення аазіса, пачынаючы з будаўніцтва першай навуковай станцыі ў 1986 годзе. Мадэляванне рассейвання забруджвальных рэчываў з выкарыстаннем мадэлі AERMOD дазволіла атрымаць гадзінныя, сутачныя і гадавыя максімальныя канцэнтрацыі ў прыземным паветры асноўных забруджвальных рэчываў, а таксама патокі сухіх асаджэнняў тонкадысперсных часціц і чорнага вугляроду. Разлікі ўзроўню адкладаў чорнага вугляроду дазволілі ацаніць выкліканае гэтым асаджэннем паскоранае раставанне снегу.

Праведзенае даследаванне можа разглядацца як першы вопыт ацэнкі кумулятыўнага ўздзеяння на атмасферу ўсёй сукупнасці станцый, размешчаных у пэўным антарктычным аазісе, і можа быць карысна пры распрацоўцы метадалогій ацэнкі кумулятыўнага ўздзеяння для выканання абавязацельстваў па Пратаколе па ахове навакольнага асяроддзя да Дамовы аб Антарктыцы.

Пагоркі Ларсеман — адзін з найбольш асвоеных аазісаў Усходняй Антарктыды. У цяперашні час тут дзейнічаюць тры круглагадовыя навуковыя станцыі і адна сезонная база. Актыўная дзейнасць пачалася з будаўніцтва ў 1986 годзе аўстралійскай станцыі Лоу ва Усходнім Брокнэсе, пазней перададзенай Румыніі. Станцыі Прагрэс (Расійская Федэрацыя) і Чжуншань (Кітай) былі адкрыты ў 1988—1989 гадах; Станцыя Бхараці (Індыя) была заснавана ў 2012 годзе. Важнасць колькаснай ацэнкі ўздзеяння на гэтую тэрыторыю падмацоўваецца наяўнасцю тут Асабліва ахоўнага раёна Антарктыкі.

У цяперашні час у Антарктыдзе дзейнічаюць каля 70 круглагадовых і сезонных антарктычных станцый з 29 краін, дзе зімой пражывае каля тысячы чалавек, а летам — 5–5,5 тысячы. Уздзеянне чалавека на прыроднае асяроддзе Антарктыды можа здацца нязначным у абсалютным выражэнні ў параўнанні з узроўнямі ў іншых, больш населеных раёнах Зямлі; аднак, улічваючы надзвычайную адчувальнасць і ўразлівасць прыродных сістэм Антарктыкі, яго ўзроўні могуць перавышаць парогавыя значэнні.
Вынікі даследаванняў апублікаваны ў аўтарытэтным навуковым часопісе Polar Science*.

* Sergey Kakareka, Sviatlana Salivonchyk. Assessment of the human footprint in Antarctica: A case study
Larsemann Hills // Polar Science. 2024. https://doi.org/10.1016/j.polar.2024.101048.