Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.06.2024

На «ТІБО-2024» НАН Беларусі прадстаўляе каля 60 інавацыйных распрацовак і тэхналогій

На ХХХ Міжнародным форуме па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях «ТІБО-2024» 18 арганізацый НАН Беларусі прадстаўляюць каля 60 інавацыйных распрацовак і тэхналогій. На стэндзе НАН Беларусі можна будзе азнаёміцца з актуальнымі распрацоўкамі ў галіне інфармацыйных і лічбавых тэхналогій, а таксама шэрагам экспанатаў, якія дэманструюць гісторыю развіцця тэхналогій у галіне сувязі і тэлекамунікацый.

Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставы прыняў удзел першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Сяргей Чыжык. З распрацоўкамі навукоўцаў на стэндзе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі азнаёміўся Міністр абароны Рэспублікі Беларусь Віктар Хрэнін.

ДНУ «Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі» прадстаўляе мікрамодуль аператыўнага распазнавання, адбору і сціскання відэаінфармацыі на борце малых касмічных апаратаў (Мікрамодуль). Мікрамодуль прызначаны для пашырэння магчымасцей комплекснай мініяцюрызацыі і функцыянальнай нагрузкі бартавой апаратуры малых касмічных апаратаў. Распрацаваны доследны ўзор перавышае існуючыя аналагі па групе параметраў: масе, габарытах, магутнасці энергаспажывання, хуткасці апрацоўкі аднаго кадра, кошце і некаторых іншых.
ААТ «Мінскі завод НДІ радыёматэрыялаў» НАН Беларусі прадставіў аптычны элемент з лейкасапфіру (лейкасапфір, або сінтэтычны карунд, з’яўляецца адным з самых цвёрдых і трывалых сінтэтычных матэрыялаў). Гэты элемент выкарыстоўваецца для вытворчасці аптычных вырабаў: (дыяметр лінзы 2,6 мм; мінімальны памер элемента тапалогіі 1 мкм; бездэфектнасць хромавага пакрыцця).
ДНУ «Інстытут фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі» дэманструе праграмна-апаратны комплекс крыміналістычнага прызначэння на базе лічбавай фотакамеры для вызначэння размерных параметраў аб’ектаў. Прызначаны для фотаздымкі аб’ектаў або ўчасткаў мясцовасці з мэтай правядзення лінейных вымярэнняў пры забеспячэнні следчых дзеянняў на месцах здарэнняў.

Сярод перспектыўных распрацовак арганізацый НАН Беларусі — комплекс рабатызаванага гіперспектральнага сканавання (ДНВА «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка»), адзіная аўтаматызаваная сістэма збору і апрацоўкі інфармацыі аб спажыванні вады, цепла- і электраэнергіі (ААСЗ) у арганізацыях НАН Беларусі (ДНУ «Інстытут энергетыкі НАН Беларусі»), інтэрактыўны калькулятар фізічнага развіцця і харчавання дзіцяці («Інстытут біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі») і іншыя.

ХХХ Міжнародны форум па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях «ТІБО-2024» праходзіць з 5 па 8 чэрвеня ў Мінску.

Тэгi
#выставы