З 19 па 28 чэрвеня 2024 у г. Вене (Аўстрыйская Рэспубліка) праходзіць 67-я сесія Камітэта Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах, у якой прымаюць удзел прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Пастаяннага прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях у г. Вене.
19 чэрвеня 2024 г. з заявай па пункце 5 парадку дня ад Рэспублікі Беларусь выступіў намеснік начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарату Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Буча. Ён адзначыў, што касмічная дзейнасць у Беларусі ажыццяўляецца ў мірных мэтах і накіравана на дасягненне мэт устойлівага развіцця, вызначаных ААН.
«Касмічная дзейнасць з’яўляецца сферай канцэнтрацыі найноўшых дасягненняў чалавецтва, вяршыняй навукова-тэхнічнага прагрэсу, уносіць значны ўклад у развіццё навукі і тэхнікі, эканомікі і культуры, інфарматызацыю грамадства. Беларусь уваходзіць у лік дзяржаў з высокім узроўнем навукова-тэхнічнага развіцця. Даследаванні ў галіне космасу адносяцца да нашых асноўных нацыянальных прыярытэтаў. Разам з наяўнымі кампетэнцыямі ў галіне дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, касмічнага прыборабудавання, электроннай кампанентнай базы, новых матэрыялаў касмічнага прымянення, Беларусь адкрыла новы напрамак касмічных даследаванняў – пілатуемая касманаўтыка», — падкрэсліў Іван Буча.
Прадстаўнік НАН Беларусі заявіў, што цяпер рэалізаваны сумесны беларуска-расійскі праект па касмічным палёце беларускага грамадзяніна на расійскі сегмент Міжнароднай касмічнай станцыі з навукова-даследчымі мэтамі. Касманаўт Рэспублікі Беларусь Марына Васілеўская здзейсніла касмічны палёт у складзе экіпажа 21-й экспедыцыі наведвання МКС. Камандзір экіпажа — расійскі касманаўт Алег Навіцкі, бортінжынер — амерыканскі астранаўт Трэйсі Дайсан. У склад дублюючага экіпажа таксама ўваходзілі касманаўты Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, а таксама астранаўт Злучаных Штатаў Амерыкі.
«Беларускім касманаўтам на МКС выканана навуковая праграма, якая складаецца з 7 мэтавых работ. Рэалізацыя сумеснага беларуска-расійскага праекта па касмічным палёце беларускага касманаўта на расійскі сегмент МКС ажыццяўлялася Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і дзяржкарпарацыяй “Раскосмас”», — адзначыў Іван Буча.
Намеснік начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарату НАН Беларусі выказаў удзячнасць дзяржавам-удзельніцам праекта МКС за дадзеную магчымасць наведвання беларускім касманаўтам Міжнароднай касмічнай станцыі. І адзначыў, што рэалізацыя міжнароднага праекта па касмічным палёце беларускага касманаўта на МКС чарговы раз сведчыць аб аб’яднальнай ролі космасу.
Беларусь стала членам Камітэта ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах у 2014 годзе.