Паважаныя калегі, дарагія ветэраны!
Віншую вас з галоўным для ўсяго беларускага народа святам — Днём Незалежнасці.
Сёлета мы адзначаем знакавую дату — 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтая гістарычная дата — напамін пра тое, якой цаной дасталася незалежнасць нашаму народу. Гэта свята радасці, гонару і мужнасці, дзень, які па-сапраўднаму аб’ядноўвае ўсё наша грамадства.
Дата 3 ліпеня ўвайшла ў гісторыю Беларусі яскравай старонкай гераічнай доблесці франтавікоў і працаўнікоў тылу, партызан і падпольшчыкаў, якія заваявалі свабоду. Мы памятаем пра тое, што, дзякуючы народнай барацьбе, значная частка тэрыторыі БССР яшчэ да прыходу Чырвонай арміі кантралявалася партызанамі, тут была савецкая ўлада. Мы не забываем пра тое, што ў шэрагах вызваліцеляў беларускіх гарадоў і вёсак ад фашыстаў было нямала навукоўцаў Акадэміі навук, што многія з іх набліжалі вызваленне нашай Радзімы, нястомна працуючы ў тыле. Непахіснасць, воля да Перамогі, уменне аддаваць усё на карысць агульнай мэты — прыклад для цяперашніх пакаленняў.
Вялікі подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны мае асаблівае значэнне для сучаснай гісторыі, фарміруе грамадзянскую пазіцыю нацыі, умацоўвае пачуццё патрыятызму. Ярка і вобразна сказаў пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ў час святкавання Дня Перамогі: «Забудзем мінулае, перастанем прыходзіць да помнікаў — яно прыйдзе да нас. І памятайце чалавецтвам зроблены вывад: як ты ставішся да памяці сваіх продкаў, асабліва тых, хто падарыў табе жыццё і свабоду, так і да цябе будучыя пакаленні будуць ставіцца... Мы даём наказ дзецям і ўнукам свята берагчы праўду пра тую вайну як найвышэйшую каштоўнасць. Для нас яна сімвал непарыўнай сувязі пакаленняў, адна з асноў духоўнага адзінства і згуртаванасці народа».
Навукоўцы НАН Беларусі правялі цэлы цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі. Самым буйным стаў Міжнародны форум «Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: гісторыя і сучаснасць (да 80-годдзя вызвалення Беларусі)», прысвечаны гадавіне вызвалення Беларусі ад нацысцкай акупацыі. Гэта навуковая канферэнцыя сканцэнтравала намаганні многіх навуковых арганізацый, навучальных устаноў па захаванні аб’ектыўнай памяці пра падзеі, звязаныя з юбілеем, стала знакавым праектам патрыятычнай накіраванасці.
Сёння на Захадзе фабрыкуецца нямала фальсіфікацый, згодна з якімі акупанты і агрэсары прадстаўляюцца ледзь не вызваліцелямі. Руйнуюцца помнікі воінам-вызваліцелям, перапісваецца гісторыя. Але мы — не забыліся. І яркае пацвярджэнне гэтаму — Усебеларуская акцыя «Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!», ініцыятарам якой выступіла НАН Беларусі. Ужо гатовы чацвёрты том праекта, дзе сабраны ўспаміны пра салдат, афіцэраў і простых людзей, на долю якіх выпала жыць у няпростых ваенных умовах. Гэты своеасаблівы агеньчык памяці падхопліваюць усё новыя і новыя людзі розных узростаў і прафесій, неабыякавыя да яе захавання. У кожнай кнізе — людзі і іх няпростыя лёсы. І да яго падключаюцца ўсё новыя ўдзельнікі. А значыць, эстафета памяці аказалася запатрабаванай і патрэбнай. Серыя будзе працягвацца і папаўняцца новымі матэрыяламі і фактамі!
Дзень Незалежнасці (Рэспублікі) — сімвал міру на шматпакутнай беларускай зямлі. Асаблівыя словы падзякі мы гаворым сёння нашым ветэранам, якія вызвалілі сталіцу і краіну ад акупантаў, аднаўлялі рэспубліку і на працягу многіх гадоў умацоўвалі яе магутнасць і дабрабыт. Гэты подзвіг мае вечнае значэнне для сучаснай гісторыі, фарміруе грамадзянскую пазіцыю беларускага народа, умацоўвае пачуццё патрыятызму, з’яўляецца прыкладам для моладзі і падрастаючага пакалення.
Шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя, міру і дабрабыту.
Са святам усіх вас!
Хай над нашай беларускай зямлёй заўсёды будзе мірнае неба!