Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.07.2024

Моладзь Беларусі і Расіі сустрэліся ў Мінску на форуме «Злачынствы нацыстаў — без тэрміну даўнасці»

У першыя дні ліпеня Мінск прымаў расійска-беларускі маладзёжны форум «Расія — Беларусь. Злачынствы нацыстаў — без тэрміну даўнасці», удзельнікамі якога сталі 100 маладых спецыялістаў з Беларусі і актывістаў праекта «Без тэрміну даўнасці» з Расіі.

Праграмай Форуму былі запланаваны адукацыйныя пляцоўкі з удзелам экспертаў, гісторыкаў, музейшчыкаў, пошукавікаў. Удзельнікі дзвюх краін пазнаёміліся з праектамі па захаванні гістарычнай памяці ў Расіі і Беларусі, падзяліліся досведам у судова-прававой ацэнцы злачынстваў нацыстаў на акупаванай тэрыторыі СССР, расказалі пра інфармацыйную працу ў сферы патрыятызму і захавання гістарычнай памяці.

2 ліпеня, у НАН адбылося ўрачыстае адкрыццё форуму. З прывітальным словам на Форуме выступілі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, дэпутат Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу РФ Алена Цунаева, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Вячаслаў Даніловіч. У час урачыстага адкрыцця Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што на сёння адна з найважнейшых задач, якія стаяць перад грамадскасцю, — не дапусціць перагляду вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, якая адабрала ў савецкага народа 27 мільёнаў жыццяў, а ў Беларусі — жыццё кожнага трэцяга. «Важна, каб падрастаючае пакаленне ведала праўду пра тую страшную вайну, ролю сапраўдных вызваліцеляў, што ўнеслі вырашальны ўклад у Вялікую Перамогу. Толькі сумеснымі намаганнямі можна захаваць нацыянальную дзяржаўную спадчыну, выхаваць у падрастаючага пакалення патрыятычныя якасці і грамадзянскую пазіцыю», — падкрэсліў Уладзімір Рыгоравіч.

Таксама была ўпершыню прадстаўлена выстава з аўдыягідам, у якой змяшчаюцца матэрыялы, што пацвярджаюць генацыд у Расіі і Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, удзельнікі наведалі парад, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а затым у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі падвялі вынікі Форуму.

Арганізатарамі Форуму з’яўляецца АГР «Пошукавы рух Расіі» пры падтрымцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Інстытута гісторыі НАН Беларусі, Навукова-практычнага цэнтра праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

Тэгi
#форум