5 ліпеня 2024 года ў НАН Беларусі адбылася ўрачыстая сустрэча ўдзельнікаў 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. У Акадэміі навук сабраліся ўдзельнікі 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі, Беларускіх антарктычных экспедыцый розных гадоў; супрацоўнікі арганізацый аддзяленняў біялагічных навук, фізікі, матэматыкі і інфарматыкі, хіміі і навук аб Зямлі НАН Беларусі, якія ўдзельнічаюць у антарктычнай тэматыцы; кіраўнікі навуковых арганізацый НАН Беларусі, маладыя навукоўцы. З прывітальным словам выступіў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў. «Гэта экспедыцыя стала самай працяглай з пачатку правядзення Беларуссю даследаванняў у Антарктыдзе. Мы ўжо набліжаемся да круглагадовага знаходжання. Хоць прымаць такое рашэнне з надыходзячага сезона пакуль не трэба, заўчасна. Тым не менш мы павінны пастаянна быць гатовымі да гэтага, калі спатрэбіцца», — адзначыў Уладзімір Рыгоравіч. Начальнік 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі Аляксей Гайдашоў падзяліўся вынікамі экспедыцыі, расказаў пра асаблівасці працы ў гэтым палявым сезоне. Як адзначыў Аляксей Аляксандравіч, у Антарктыдзе сабраны ўнікальныя матэрыялы, з якімі ў далейшым трэба будзе працаваць навукоўцам. У хуткім часе яны прыбудуць на караблі.
За час працы ў Антарктыдзе працягнута будаўніцтва аб’ектаў Беларускай антарктычнай станцыі ў раёне гары Вячэрняя, праведзены дзясяткі навуковых даследаванняў і эксперыментаў, выкананы тысячы навуковых вымярэнняў прыродных параметраў. Былі праведзены навуковыя даследаванні па комплексным наземным і спадарожнікавым маніторынгу атмасферы і падсцілаючай паверхні ў Антарктыдзе; гідрахімічных, біялагічных, экалагічных даследаваннях наземных, марскіх і прэснаводных экасістэм Антарктыкі; маніторынгу азонавага слоя атмасферы і УФ радыяцыі ў Антарктыцы; даследаванні змяненняў прыроднага асяроддзя і клімату Зямлі Эндэрбі, Усходняя Антарктыка і прылеглых тэрыторый.
Быў ажыццёўлены шматдзённы навуковы паход у цяжкадаступны нявывучаны раён мацерыковай часткі Антарктыды з размешчаным на ім горным масівам Най і ланцуга іншых горных масіваў, які прымыкае да яго, агульнай плошчай каля 35 тыс. км2.
Уведзены ў эксплуатацыю новыя навуковыя аб’екты, сярод якіх: метэаралагічная станцыя для круглагадовага атрымання ў аўтаматычным рэжыме асноўных метэаралагічных параметраў з месца размяшчэння БАС новае метэаралагічнае бюро, навуковы стацыянар для размяшчэння прыбораў вымярэння магнітнага поля Зямлі.
На заканчэнне сустрэчы Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў уручыў узнагароды і падарункі членам экспедыцыі.
У холе другога паверха таксама дэманстравалася фотавыстава, а ў час сустрэчы быў паказаны невялікі фільм пра працу 16-й БАЭ.
30 кастрычніка 2023 года ў НАН Беларусі быў дадзены ўрачысты старт 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі. У Антарктыду адправіліся 13 чалавек пад кіраўніцтвам дасведчанага палярніка Аляксея Гайдашова. У складзе экспедыцыі навуковыя супрацоўнікі НАН Беларусі (Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў, НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах, Інстытута прыродакарыстання, Інстытута фізікі), БДУ, Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы і інш. арганізацый краіны.