5 ліпеня 2024 года ў прэс-цэнтры БЕЛТА адбылася прэс-канферэнцыя на тэму «Змяненне клімату і яго ўплыў на надвор’езалежныя галіны». Ад НАН Беларусі ў прэс-канферэнцыі прыняў удзел вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі кліматычных даследаванняў Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі, кандыдат геаграфічных навук Віктар Мельнік. Прадстаўнік НАН расказаў пра прагнозы па змяненні клімату ў Беларусі. «Усе тэндэнцыі па змене тэмпературы паветра і колькасці ападкаў захоўваюцца. Рост тэмпературы будзе працягвацца незалежна ад канцэнтрацыі парніковых газаў. У нас ёсць разлікі і прагнозы па кожнай вобласці да 2050 года. У цэлым можам даць кліматычную ацэнку кожнаму раёну. Так, напрыклад, да 2030–2040 гадоў тэмпература ў Віцебскай вобласці будзе прыкладна як цяпер на Палессі», — звярнуў увагу Віктар Мельнік.
Гаворачы пра магчымыя сцэнарыі змены клімату, навуковец адзначыў, што да 2050 года ў выпадку змяншэння выкідаў парніковых газаў плануецца павелічэнне тэмпературы прыкладна на 1,5 градуса. А згодна з самым непрыемным сцэнарыем, калі выкіды парніковых газаў не паменшацца, то тэмпература падымецца прыкладна на 3 градусы. Пры гэтым тэмпература павысіцца ў асноўным летам і восенню.
На заканчэнне прэс-канферэнцыі навуковец адказаў на шматлікія пытанні журналістаў.