25 ліпеня 2024 г. у НАН Беларусі адбылося пасяджэнне круглага стала на тэму «Пандэмія дзіцячага атлусцення: прычыны, вынік і рашэнне». У рабоце пасяджэння прынялі ўдзел спецыялісты профільных арганізацый НАН Беларусі і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. З прывітальным словам выступілі намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Аляксандр Кільчэўскі і акадэмік-сакратар Аддзялення медыцынскіх навук Васіль Богдан.
«Праблема дзіцячага атлусцення вельмі сур’ёзная і носіць глабальны характар. Па статыстыцы, на яго пакутуюць каля 40 млн дзяцей у свеце. І ў нас практычна кожнае пятае дзіця таксама мае гэтыя праблемы», — сказаў Аляксандр Уладзіміравіч. Паводле яго слоў, змагацца з гэтым трэба з дапамогай прафілактыкі атлусцення, кантролю рацыёну дзіцяці і вядзення актыўнага ладу жыцця.
Намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі Таццяна Гнядзько ў час круглага стала расказала, як цяжарныя жанчыны і тыя, хто рыхтуецца да цяжарнасці, могуць прадухіліць з’яўленне атлусцення ў будучага дзіцяці. Паводле яе слоў, выкананне прынцыпаў здаровага харчавання і фізічная актыўнасць у час і да цяжарнасці з’яўляюцца важнымі прафілактычнымі фактарамі атлусцення. Да гэтых фактараў таксама адносіцца падтрымка і прапаганда здаровага харчавання ў раннім узросце дзіцяці і садзейнічанне выключна грудному гадаванню на працягу першых 6 месяцаў жыцця, бо грудное малако — гэта натуральны біялагічны прадукт, узбагачаны ўсімі рэчывамі, неабходнымі для фарміравання і выспявання дзіцячага арганізма.
Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі пытанні аб перынатальных фактарах рызыкі і ўплыве асаблівасцей харчавання сям’і на развіццё атлусцення ў дзяцей. Навукоўцы разгледзелі новыя метады ацэнкі імавернасці развіцця атлусцення на аснове малекулярна-генетычнага тэсціравання, інавацыйныя падыходы да стварэння кандытарскіх вырабаў для дзіцячага харчавання, новых мясных і малочных прадуктаў са зніжанай каларыйнасцю.