2 жніўня 2024 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя на тэму «Павышэнне філалагічнай культуры беларускага грамадства». У якасці спікераў на прэс-канферэнцыі выступілі: дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Саверчанка, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў, загадчык аддзела тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Алена Васілевіч. Навукоўцы паказалі найважнейшыя праекты, якія спрыяюць павышэнню філалагічнай культуры беларускага грамадства і паляпшэнню філалагічнай сітуацыі ў краіне.
Дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Ігар Капылоў расказаў пра вострую праблему ўжывання ненарматыўнай лексікі. Дырэктар Інстытута адзначыў, што «ўжыванне такой лексікі не проста забаронена нормамі маралі. Гэта тое, што засмечвае мову, разбурае моўную сістэму i ў выніку вядзе не толькі да збяднення моўнай сістэмы — праблему трэба бачыць намнога шырэй — вядзе да дэградацыi асобы, непаўнацэннасцi чалавека». «Нам трэба актыўна працаваць у гэтым напрамку, разам з калегамі-лiтаратуразнаўцамi папулярызаваць творы нашых класікаў, прыцягваць да гэтай працы школу, вярнуць усе ж такi такiя творчыя працы, як пераказ. На жаль, мы азначаем сёння, што ў моладзі так званае мазаiчнае, клiпавае мысленне. Трэба прыцягваць да культуры», — рэзюмаваў навуковец.
Іван Саверчанка ў сваім выступе закрануў тэму супрацоўніцтва з Расіяй, адзначыўшы, што на гэты момант ствараюцца ўсе ўмовы для сумеснай працы. «Так, мы бачым напрамкі, над якімі нам трэба далей працаваць, што нам трэба выдаваць. Якія больш перспектыўныя праекты рэалізоўваць, якую літаратуру развіваць, і хацелася б, вядома, каб і ў рамках Саюзнай дзяржавы гэта развівалася. Памятаю, як мы з калегам працавалі і прыклалі шмат сіл, каб стварыць бібліятэку Саюзнай дзяржавы, потым для падтрымкі маладых пісьменнікаў у конкурсе “Мост дружбы”. Гэтая праца працягваецца. Акрамя таго, існуе таксама і міжакадэмічнае супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх акадэмікаў», — падзяліўся навуковец.
Загадчык аддзела тэксталогіі Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Алена Васілевіч у сваім выступленні падкрэсліла, што філалагічная адукацыя мае неацэннае значэнне ў фарміраванні мыслення, светапогляду, характару чалавека і чалавецтва ў цэлым. Без філалагічнай, гуманітарнай асновы, культурнага складніка шлях развіцця чалавека і чалавецтва непрадказальны. І велізарную ролю ў фарміраванні гуманітарнай культуры адыгрывае спадчына класікаў беларускай культуры.
На заканчэнне навукоўцы адказалі на шматлікія пытанні журналістаў.