3 верасня 2024 года ў Нацыянальным Прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя: «Аб падрыхтоўцы і правядзенні “Фестывалю навукі – 2024”». Пра тое, якія лакацыі і пляцоўкі чакаюць гасцей Фестывалю 7 верасня ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі, якія інавацыі маладых вучоных можна будзе ўбачыць, праінфармавалі прадстаўнікоў СМІ Станіслаў Юрэцкі — старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі; Максім Кучвальскі — намеснік старшыні Савета маладых вучоных НАН Беларусі і Аляксандр Зайцаў — навуковы супрацоўнік ДНУ «Цэнтр сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі».
Станіслаў Юрэцкі сказаў: «Гасцей Фестывалю чакаюць тэматычныя пляцоўкі, лекцыі ад вядомых навукоўцаў, а таксама выставы дасягненняў у розных галінах навукі і тэхналогій, інтэрактыўныя навуковыя эксперыменты і майстар-класы, якія будуць цікавыя для наведвальнікаў усіх узростаў. Галоўнымі пляцоўкамі мерапрыемства сёлета стануць “Космас”, “Медыцына”, “Інтэлектуальныя тэхналогіі”, “Экалогія”, “Смак навукі”, “Лабараторыя” і “Этнаграфія”».
Выстава-конкурс «100 інавацый маладых вучоных» праводзіцца ўжо трэці раз. Сёлета да ўдзелу заяўлена рэкордная колькасць праектаў — 140! Пра гэта расказаў намеснік старшыні Савета маладых вучоных НАН Беларусі Максім Кучвальскі. «Мэта выставы-конкурсу — з аднаго боку, папулярызаваць навуку, з другога — паказаць перспектыўныя праекты, якія могуць быць ужо ўкаранёныя ў навукаёмістыя вытворчасці, у медыцыну, альбо новыя адукацыйныя платформы», — адзначыў Максім Кучвальскі і расказаў пра найбольш цікавыя і знакавыя праекты.
Аляксандр Зайцаў, навуковы супрацоўнік ДНУ «Цэнтр сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі», праінфармаваў аб тым, якія лакацыі прадставяць на Фестывалі госці з Расійскай Федэрацыі, а таксама падкрэсліў, што для таго, каб госці Фестывалю адчувалі сябе камфортна і ўтульна, на Фестывалі будуць створаны ўсе ўмовы.
Удзельнікі прэс-канферэнцыі адказалі на пытанні журналістаў.