Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

06.09.2024

ІІІ Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры

5–6 верасня 2024 г. у ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» адбыўся ІІІ Міжнародны навуковы кангрэс беларускай культуры. З дакладамі на кангрэсе выступілі навукоўцы з Беларусі, Расіі і Туркменістана. Асабліва прадстаўнічай была расійская дэлегацыя. У яе складзе — супрацоўнікі ўніверсітэтаў, арганізацый Расійскай акадэміі навук, філіялаў Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце Расіі, Маскоўскага музея сучаснага мастацтва, каледжаў і вучылішчаў. Геаграфія — ад Санкт-Пецярбурга і Масквы да Якуціі.

Арганізатары Кангрэса — НАН Беларусі, ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (Філіял «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі»).

З прывітальным словам да прысутных звярнуліся Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Аляксандр Каваленя, дырэктар ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі» Аляксандр Лакотка. Навукоўцы і спецыялісты абмеркавалі такія праблемы, як: архітэктура і дызайн; выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва; кіна- і відэамастацтва; музычнае мастацтва; тэатральнае мастацтва; нацыянальная культура і мова; нацыянальная літаратура; культура рэгіёнаў краіны; культура нацыянальных супольнасцей; гісторыка-культурная спадчына, музеі, запаведнікі; традыцыйная культура. Усяго было прадстаўлена 140 дакладаў.

На думку арганізатараў, цяпер у свеце ідуць працэсы глабалізацыі. Як нацыянальным культурам захаваць сваю самабытнасць і ўнікальнасць у такой гістарычнай абстаноўцы? Для беларускага народа як носьбіта традыцыйных каштоўнасцей вельмі важна захоўваць у культуры пераемнасць і сувязь з духоўнымі каштоўнасцямі і традыцыямі мінулага, творча іх развіваючы. Таму абмен вопытам з калегамі з іншых краін у гэтым пытанні вельмі каштоўны.

Па выніках Кангрэса будзе выпушчана рэзалюцыя з сістэмным выкладаннем мэт, задач, перспектыў і асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў развіцці нацыянальнай культурнай прасторы Беларусі. У гэтым дакуменце будзе адлюстравана сістэма нацыянальных духоўных каштоўнасцей, гістарычнай памяці і выхавання патрыятызму ў сферах культуры, мастацтва і навукі.

<
Тэгi
#кангрэс