7 верасня 2024 у Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі адбылася галоўная навукова-папулярная падзея краіны — Фестываль навукі. Арганізатар мерапрыемства — Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Сёлета Фестываль навукі сабраў 22 тысячы наведвальнікаў.
Ва ўрачыстым адкрыцці Фестывалю прынялі ўдзел: Наталля Пяткевіч, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Сяргей Хаменка, міністр адукацыі Андрэй Іванец, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, іншыя высокія госці. Як падкрэсліла першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч, Беларусь уваходзіць у элітны пул краін з развітой навукай, тут створаны ўсе магчымасці для маладых вучоных. Як адзначыў Уладзімір Гусакоў, сёлета маштаб Фестывалю значна большы, чым ва ўсе папярэднія гады. У рамках Фестывалю навукі ўжо не першы раз праходзіць выстава-конкурс «100 інавацый маладых вучоных», на якой прадстаўлены актуальныя распрацоўкі. Калі раней падбіралася 100 праектаў для ўдзелу ў конкурсе, то гэтым разам іх рэкордная колькасць — 145. «І гэта не мяжа, распрацовак значна больш. Моладзь цягнецца да навукі, жадае займацца навукай. Ёсць добрыя, яркія распрацоўкі ў розных галінах народнай гаспадаркі, і ў фундаментальных даследаваннях, і ў прыкладной навуцы, і ў працы з прадпрыемствамі. Ёсць што паказваць, ёсць чым ганарыцца. На Фестывалі мы паспрабавалі на 90 % абнавіць тое, што прадстаўлялі раней, каб не паўтарацца», — сказаў Уладзімір Гусакоў.
Шосты раз на пляцоўцы Цэнтральнага батанічнага саду НАН Беларусі былі арганізаваны тэматычныя пляцоўкі, лекцыі ад вядомых вучоных, выставы дасягненняў з розных сфер навукі, інтэрактыўныя навуковыя эксперыменты і майстар-класы для наведвальнікаў усіх узростаў і інтарэсаў. Галоўнымі пляцоўкамі мерапрыемства сёлета сталі: «Космас», «Медыцына», «Інтэлектуальныя тэхналогіі», «Экалогія», «Смак навукі» і «Лабараторыя». У рамках Фестывалю навукі прайшла выстава-конкурс «100 інавацый маладых вучоных», на якой былі прадстаўлены 145 актуальных распрацовак маладых навукоўцаў у шасці напрамках.
Пляцоўка «Космас» зацікавіла аматараў космасу сваёй лекцыйнай праграмай: серыя лекцый пра касмічныя аб’екты, іх даследаванне, тэлескопы і спадарожнікі. Таксама тут кожны змог адкрыць у сабе інжынера і сабраць свой уласны касмічны спадарожнік. На пляцоўцы «Медыцына» расказвалі пра стаматалогію, анкалогію, хваробы крыві, стварэнне вакцын і лекаў. Ганаровым госцем лекцыйнай пляцоўкі стаў вядомы навуковы журналіст і медыцынскі блогер Аляксей Вадавозаў, які расказаў пра магчымасці падаўжэння жыцця і даўгалецця. У рамках пляцоўкі «Інтэлектуальныя тэхналогіі» наведвальнікі даведаліся пра перадавыя тэхнічныя і рабатызаваныя распрацоўкі ў Беларусі і свеце. Школы робататэхнікі і ўніверсітэты тэхнічнага профілю расказалі пра свае адукацыйныя праграмы. Таксама на гэтай пляцоўцы можна было даведацца пра будучыню альтэрнатыўнай энергетыкі і электратранспарту. Пляцоўка «Экалогія» дала магчымасць лепш разабрацца ў пытаннях сартавання смецця і перапрацоўкі адходаў, ачысткі вады і паветра, пытаннях ультрафіялетавага выпрамянення. Больш даведаліся пра прыроду Беларусі і такіх далёкіх тэрыторый, як Арктыка і Антарктыка. Сёлета ўдзельнікі Фестывалю парадавалі наведвальнікаў займальнымі эксперыментамі, навуковымі шоу і відовішчнымі доследамі — усё гэта ў праграме пляцоўкі «Лабараторыя». Даведацца, які шлях праходзяць прадукты харчавання перад з’яўленнем на прылаўках, і прадэгуставаць новыя ядомыя распрацоўкі можна было на пляцоўцы «Смак навукі».
На пляцоўцы ATOM TEAM, арганізаванай ІЦАЭ г. Мінска пры падтрымцы інжынірынгавага дывізіёна ДК «Расатам», можна было даведацца пра прарыўныя даследаванні і распрацоўкі ў галіне выкарыстання энергіі мірнага атама. На заканчэнне дня вядомы астраном, папулярызатар навукі Уладзімір Сурдзін, расказаў пра тое, як развіццё атамных тэхналогій дапаможа чалавецтву ў засваенні космасу. Штогод арганізатары мерапрыемства збіраюць унікальную і рознабаковую праграму, якая не паўтараецца. Сёлета на Фестывалі навукі была арганізавана новая пляцоўка, прысвечаная культуры і традыцыям беларусаў. Пляцоўка «Этнаграфія» расказала пра нацыянальную кухню, традыцыйныя касцюмы і промыслы беларусаў, а таксама пра вясельныя і пахавальныя абрады нашых продкаў. Гасцей Фестывалю чакалі займальныя майстар-класы па вырабе саламяных павукоў, набіванак і маляванак, выцінанак, а таксама па традыцыйным ручным ткацтве.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі з Расійскай Федэрацыі. Гэта — навукова-пазнавальны цэнтр «Запаведнае пасольства» парку «Зараддзе» з самастойнай пляцоўкай, а таксама больш за 20 удзельнікаў у рамках пляцоўкі Усерасійскага фестывалю НАВУКА 0+ з дзесяццю тэматычнымі блокамі і навукова-папулярным лекторыем. Пляцоўка Усерасійскага фестывалю НАВУКА 0+ расказала пра прыгоды ката Шродзінгера, які трапіў на іншую планету і выкарыстоўвае свае веды, каб выбрацца. На заканчэнне праграмы на пляцоўцы прайшло вялікае навуковае шоу.
Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь пазнаёміла наведвальнікаў з дасягненнямі ўніверсітэцкай навукі і новымі спецыяльнасцямі на пляцоўцы «Універсітэт будучыні», дзе было сабрана больш за 20 вядучых навучальных устаноў краіны.