10–13 верасня 2024 года ў НАН Беларусі адбыўся Другі Беларуска-італьянскі Круглы стол у галіне тэхналогій перапрацоўкі малака і вытворчасці малочных прадуктаў.
У рабоце круглага стала прынялі ўдзел вучоныя і спецыялісты навуковых арганізацый НАН Беларусі, прадстаўнікі вядучых прамысловых прадпрыемстваў малочнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Для ўдзелу ў круглым стале ў Мінск прыбыла дэлегацыя прадстаўнікоў сельскагаспадарчых навукова-даследчых цэнтраў, вышэйшых навучальных устаноў і кампаній Італіі.
Як адзначыў на палях Форуму Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, на цяперашнім этапе актуальным вектарам для Беларусі на еўрапейскім напрамку становіцца актывізацыя адносін з Італіяй і перавод дыялогу паміж вучонымі і спецыялістамі дзвюх краін ва ўстойлівае і канструктыўнае рэчышча. «Італьянская дэлегацыя паспела як след ацаніць навукова-даследчую базу і ўзровень развіцця аграпрамысловых тэхналогій у Беларусі. У параўнанні з папярэднім візітам зацікаўленасць сур’ёзна ўзрасла, як і пашырыўся ўдзел італьянскіх гасцей. Павялічылася і колькасць удзельнікаў — навукоўцаў і практыкаў — і з беларускага боку. Калі браць пад увагу дасягнутыя поспехі ўзаемадзеяння, становіцца відавочным, што на цяперашнім этапе актуальным вектарам для Беларусі на еўрапейскім кірунку становіцца актывізацыя адносін з Італіяй і перавод дыялогу паміж навукоўцамі і спецыялістамі дзвюх краін ва ўстойлівае і канструктыўнае рэчышча», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.
У сваю чаргу, старшыня Гандлёва-прамысловай палаты Італія — Беларусь Анджэла Ілардзі адзначыў, што беларускія вытворцы дасягнулі вялікіх поспехаў у выпуску мяккіх сыроў і гэтым могуць падзяліцца з вытворцамі з Італіі. Адным з найбольш перспектыўных і значных аспектаў узаемавыгаднага беларуска-італьянскага супрацоўніцтва Уладзімір Гусакоў бачыць кантакт у навуковай і навукова-інавацыйнай сферах з адсылкай да канкрэтных галін эканомікі. Інавацыйны характар навукова-тэхнічных пераўтварэнняў у розных сектарах эканомікі, паводле яго слоў, сёння найважнейшы прыярытэт для многіх дзяржаў. Анджэла Ілардзі прызнаў, што беларускія вытворцы дасягнулі вялікіх поспехаў у выпуску менавіта мяккіх сыроў — наш вопыт цікавы італьянскім сыраварам. У той жа час італьянскія вытворцы могуць падзяліцца сваім досведам з айчыннымі прадпрыемствамі ў вытворчасці цвёрдых сыроў.
У ходзе круглага стала былі абмеркаваны перспектыўныя напрамкі і механізмы сумеснай навукова-тэхнічнай дзейнасці ў галіне тэхналогій перапрацоўкі малака і вытворчасці малочных прадуктаў. Былі разгледжаны такія праблемы, як: перспектывы гандлёвых адносін паміж Італіяй і Беларуссю, вытворчасць малака і малочнай прадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь, перспектывы супрацоўніцтва з арганізацыямі Італіі; навуковае забеспячэнне малочнай прамысловасці Беларусі; распрацоўкі навукоўцаў як аснова інавацыйнага развіцця малочнай галіны, сакрэты ахаладжэння ў малочнай прамысловасці і інш.
У рамках круглага стала на базе РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі» была праведзена бізнес-сустрэча. Госці таксама наведалі Нясвіжскі завод дзіцячага харчавання.
Першы Беларуска-італьянскі Круглы стол у галіне жывёлагадоўлі адбыўся ў НАН Беларусі 28–29 лютага гэтага года. Спектр закранутых тады пытанняў вар’іраваўся ад сучаснага стану і досведу дакладнай жывёлагадоўлі, геномнай селекцыі ў жывёлагадоўлі ва ўмовах змянення клімату і распрацоўкі ДНК-тэхналогій для маркер-апасродкаванай селекцыі сельскагаспадарчых жывёл да вывучэння і захавання генетычнай разнастайнасці мясцовых парод, новых тэхналогій у галіне сельскагаспадарчага абсталявання, асноўных распрацовак і напрамкаў навуковай дзейнасці ў галіне ветэрынарыі.