12 верасня 2024 года на базе НАН Беларусі адбылося пасяджэнне Савета па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У яго рабоце прынялі ўдзел вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі, спецыялісты дзяржаўных органаў і профільных арганізацый. Да ўдзелу ў пасяджэнні былі запрошаны прадстаўнікі рэгулятараў — Мінсувязі і інфарматызацыі, а таксама Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Міністэрства эканомікі (рэгулятар у галіне стратэгій і бізнес-планаў), а таксама профільныя спецыялісты.
На пасяджэнні Савета былі разгледжаны два пытанні: праект Стратэгіі ўкаранення тэхналогій рухомай электрасувязі стандарту IMT-2020 (5G) у галінах эканомікі, сістэма патрабаванняў да пакрыцця тэрыторыі і якасці рухомай электрасувязі стандарту IMT-2020 (5G), праект бізнес-плана рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па стварэнні ў краіне сеткі рухомай электрасувязі стандарту IMT-2020 (5G), а таксама парадак узаемадзеяння аператараў сувязі з адзіным інфраструктурным аператарам. З дакладамі па гэтых пытаннях выступілі Канстанцін Шульган, міністр сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, Андрэй Паўлючэнка, начальнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, і Алег Сядзельнік, генеральны дырэктар ТАА «Беларускія воблачныя тэхналогіі».
Адкрываючы пасяджэнне, старшыня Савета па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гусакоў нагадаў прысутным, што перспектывы стварэння сувязі 5G — першае даручэнне, дадзенае Кіраўніком дзяржавы Савету. «Гэта пытанне Саветам разглядалася двойчы. Толькі на кааперацыі мы можам атрымаць годны вынік, які адпавядае інтарэсам эканомікі і грамадства. У гэтай сувязі прашу членаў Савета падысці максімальна ўзважана і аб’ектыўна, кіруючыся менавіта агульнанацыянальнымі інтарэсамі. Адзначу, што гэты праект — частка высокатэхналагічнай будучыні Беларусі, па элементах якой у нас прадугледжаны іншыя пасяджэнні. Гэта разгляд Стратэгіі і Праграмы развіцця беспілотных сістэм (даручэнне Прэм’ер-міністра), пытанні штучнага інтэлекту і мікраэлектронікі», — адзначыў Уладзімір Гусакоў.
Па выніках абмеркавання Савет па стратэгічных праектах даручыў Міністэрству сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь і Аператыўна-аналітычнаму цэнтру пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь дапрацаваць прадстаўленыя праекты, забяспечыўшы іх узаемную ўвязку па этапах і тэрмінах рэалізацыі, патрэбных рэсурсах, укараненні ў галінах эканомікі і рэгіёнах краіны з улікам заўваг і прапаноў членаў Савета.
Праекты Стратэгіі і бізнес-плана, падрыхтаваныя ва ўзаемадзеянні Мінсувязі і інфарматызацыі і ААЦ, пры іх гатоўнасці будуць «пакетным прынцыпам» унесены рэгулятарамі на разгляд Прэзідыума Савета Міністраў.