Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.09.2024

Выніковае пасяджэнне Падкамітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі

25 верасня 2024 года ў НАН Беларусі пад кіраўніцтвам Старшыні падкамітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі акадэміка Аляксандра Ільюшчанкі адбылося выніковае пасяджэнне гэтага падкамітэта. Па выніках работы прыняты рэкамендацыі аб прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі 2024 года.

На пасяджэнні было адзначана, што Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшым прызнаннем заслуг дзеячаў навукі і тэхнікі, літаратуры, мастацтва і архітэктуры перад грамадствам і дзяржавай. Падкрэслена, што Дзяржаўная прэмія ў галіне навукі і тэхнікі прысуджаецца грамадзянам Рэспублікі Беларусь за выдатныя работы, адкрыцці і навуковыя дасягненні, вынікі якіх істотна ўзбагацілі айчынную і сусветную навуку і тэхніку, аказалі значны ўплыў на развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу і павышэнне эфектыўнасці эканомікі, забеспячэнне здароўя насельніцтва і ахову навакольнага асяроддзя. Прэміі прысуджае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

Як адзначыў у сваім выступленні Старшыня падкамітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь акадэмік Аляксандр Ільюшчанка, на II этапе конкурсу ў перыяд студзень — жнівень 2024 года праведзена рэцэнзаванне работ з улікам іх навукова-практычнай значнасці, наяўнасці рэальнага сацыяльна-эканамічнага эфекту. У якасці рэцэнзентаў былі прыцягнуты вядучыя навукоўцы краіны, дзеячы культуры і мастацтва, спецыялісты-практыкі. У вядучых навукова-вытворчых арганізацыях Рэспублікі Беларусь было арганізавана грамадскае абмеркаванне ўсіх работ.

На пасяджэнні падкамітэта 25 верасня куратары-рэцэнзенты работ падрабязна далажылі аб выніках рэцэнзавання і экспертнага разгляду работ, прадстаўленых на саісканне Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі 2024 года. Адбылося абмеркаванне работ і праведзена працэдура тайнага галасавання для выпрацоўкі рэкамендацый аб прысуджэнні прэмій.

Пачынаючы з 2016 года Дзяржаўныя прэміі прысуджаюцца адзін раз на чатыры гады. Склад Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь сфарміраваны па ўзгадненні з міністэрствамі і ведамствамі і ўключае 68 чалавек. Гэта буйныя кіраўнікі, спецыялісты-практыкі, выдатныя навукоўцы, майстры мастацтва, літаратуры і архітэктуры Рэспублікі Беларусь. У тым ліку 39 экспертаў уключаны ў склад падкамітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі. Старшыня Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь акадэмік Уладзімір Гусакоў.

Прэс-служба НАН Беларусі