3 кастрычніка 2024 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылося ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы акварэльных работ дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, доктара гістарычных навук, доктара архітэктуры, прафесара, акадэміка НАН Беларусі Лакоткі Аляксандра Іванавіча «Беларусь красою вечнаю».
Акварэльныя работы для гэтай выставы выкананы аўтарам па выніках экспедыцый, паездак, падарожжаў па Беларусі за апошнія тры гады. Многія выкананы ў 2024 г. Усяго — 64 работы. Большасць работ дэманструецца ўпершыню.
Канцэпцыя выставы: адлюстраваць прыгажосць і маляўнічасць беларускіх ландшафтаў розных рэгіёнаў у розныя поры года, іх непаўторны каларыт, прастору, эмацыянальнасць. У пейзажах арганічна прысутнічаюць хутары, маёнткі, мястэчкі, асененыя дабравестам царкоўных купалоў, дабраславеннем працы хлебадара. Люстраны бляск азёр, бліскучыя стужкі рэк, прахалода крыніц, дзедаўскія сцежкі лясоў, — тое, што спрадвеку жывіла і выхоўвала любоў да роднага кутка, краю, Радзіме. Гэта наша асяроддзе пражывання, прастора гістарычнай памяці і патрыятызму.
Выстава працягнецца да 3 лістапада 2024 года.