Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

10.10.2024

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў павіншаваў вучоных з Днём НАН Беларусі

Паважаныя калегі! Дарагія сябры!
Ад імя Прэзідыума НАН Беларусі і ад сябе асабіста сардэчна віншую вас з карпаратыўным нашым святам — Днём Нацыянальнай акадэміі навук.

Трэці год мы адзначаем наш «Дзень нараджэння» ва ўрачыстай абстаноўцы з запрашэннем вядучых вучоных, з дэманстрацыяй апошніх дасягненняў у галіне штучнага інтэлекту на Форуме IT-Акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі» і маштабнай выставе. І гэта не проста прафесійнае свята вучоных. Гэта свята кожнага з нас, таму што навука сёння — наймагутнейшы рухавік грамадскага развіцця і прагрэсу. Гэта — наша жыццё.

Усе мінулыя гады гісторыя Акадэміі навук неаддзельная ад найважнейшых этапаў развіцця Беларусі, непарыўна звязаная з найлепшымі дасягненнямі сусветнай і айчыннай навукі, з буйнымі навуковымі школамі і імёнамі выдатных вучоных. У НАН Беларусі напрамкі, тэматыкі, навуковыя школы былі і застаюцца на вастрыі, развіваюцца не проста ў рамках актуальных трэндаў, але часцяком апярэджваюць іх, адказваюць на самыя актуальныя выклікі сучаснасці. Ведамі, упартай працай і выдатным мысленнем нашых вучоных і спецыялістаў сфарміравана магутная аснова, якая сістэмна развіваецца, папаўняецца маладымі даследчыкамі і распрацоўшчыкамі. У Акадэміі навук пераемнасць пакаленняў мае асаблівае значэнне. І гэта ярка паказала выстава-конкурс «100 інавацый маладых вучоных», урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў і ўдзельнікаў якой адбылося нядаўна ў сценах Акадэміі.

Усё гэта дазваляе НАН Беларусі паспяхова вырашаць самыя розныя задачы ў сферы фундаментальнай і прыкладной навукі, забяспечваючы ўласны ўклад у суверэнітэт і тэхналагічную бяспеку краіны.

Сучасная Нацыянальная акадэмія навук функцыянуе як адзіны магутны жывы арганізм. Вучоныя ў нашай краіне могуць вырашаць любыя задачы ад IT-тэхналогій, штучнага інтэлекту і робататэхнікі з прымяненнем у медыцыне, аграпрамысловым комплексе, прыродакарыстанні і экалогіі, да касмічных апаратаў, электратранспарту і прыборабудавання.

Жадаю вам, дарагія калегі, моцнага здароўя, вялікіх поспехаў у творчым пошуку, новых адкрыццяў і абавязковай рэалізацыі, укаранення і ўвасаблення ўсіх унікальных вынікаў і дасягненняў.

Шчасця, міру, дабрабыту і ўсяго найлепшага вам і вашым блізкім!

Уладзімір ГУСАКОЎ,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі