Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

11.10.2024

ІII Форум і выстава IT-Акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі»

10–11 кастрычніка 2024 года ў НАН Беларусі адбыўся III Форум IT-Акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі», прымеркаваны да Дня Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Як адзначыў на ўрачыстым адкрыцці Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, штучны інтэлект становіцца памочнікам чалавека ва ўсіх сферах дзейнасці. «Мэта выставы і форуму — штогод пацвярджаць развіццё, прасоўванне Беларусі ў галіне штучнага інтэлекту. Усе прадстаўленыя на выставе распрацоўкі — гэта патэнцыял нашай краіны ў галіне ШІ. Хацелася б, каб форум і выстава праводзіліся і далей, іх маштабы пашыраліся. Штучны інтэлект — кірунак, які найбольш бурна развіваецца ў свеце разам з ІТ-тэхналогіямі і біятэхналогіямі. Цяпер ужо немагчыма ўявіць ні адну сферу дзейнасці чалавека без штучнага інтэлекту, у тым ліку і навуковую сферу. ШІ становіцца памочнікам ва ўсіх сферах, узмацняе магчымасці людзей у пошуку найноўшых распрацовак, новых формаў арганізацыі прадпрыемстваў, вытворчасцей. Мы не павінны адставаць ад сусветных тэндэнцый і трэндаў. Беларусь павінна быць у ліку лідараў у сферы штучнага інтэлекту ў рэгіёне і не толькі», — сказаў Уладзімір Гусакоў.

У рамках Форуму адбылося ўзнагароджанне пераможцаў адкрытага конкурсу «Лідары штучнага інтэлекту ў Беларусі – 2024» у трох намінацыях: «Кампанія – лідар штучнага інтэлекту Беларусі»; «Праект – лідар штучнага інтэлекту Беларусі»; «Прадукт – лідар штучнага інтэлекту Беларусі».

У рамках III Форуму IT-Акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі» 10 і 11 кастрычніка была арганізавана выстава значных айчынных распрацовак у галіне штучнага інтэлекту і робататэхнікі. На ёй было прадстаўлена больш за 100 праектаў 65 арганізацый краіны. Вынікі сваіх навуковых даследаванняў прадэманстравалі арганізацыі краіны розных сфер дзейнасці і формаў уласнасці. Галоўнай адметнасцю выставы стаў удзел беларускіх школьнікаў са сваімі распрацоўкамі ў галіне робататэхнікі.

У рамках дзелавой праграмы, якая праходзіла на базе Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, адбыліся: пленарнае пасяджэнне, круглыя сталы па розных тэматычных секцыях, уключаючы тэарэтычныя і практычныя распрацоўкі ў галіне штучнага інтэлекту ў Рэспубліцы Беларусь і за мяжой. Былі абмеркаваны такія тэмы, як: падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў па распрацоўцы і ўкараненні тэхналогій штучнага інтэлекту, перспектывы развіцця штучнага інтэлекту ў Беларусі і інш.

Мэта форуму ІТ-Акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі» — дэманстрацыя дасягненняў у галіне штучнага інтэлекту і робататэхнікі; развіццё і каардынацыя супрацоўніцтва вучоных і спецыялістаў, якія займаюцца даследаваннямі ў галіне прымянення метадаў штучнага інтэлекту, у інтарэсах пошуку эфектыўных рашэнняў і практычных рэкамендацый па іх ужыванні ў розных сферах жыццядзейнасці.

Арганізатарамі III Форуму IT-Акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі» традыцыйна выступілі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі.