10 кастрычніка 2024 года ў НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё Цэнтра паліталогіі Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі. Асноўнай задачай Цэнтра з’яўляецца навукова-тэарэтычнае і прыкладное даследаванне сучасных сацыяльна-палітычных працэсаў.
Як падкрэсліў на ўрачыстай цырымоніі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, адкрыццё Цэнтра — знакавая падзея, бо паліталогія — гэта глыбокія, сістэмныя даследаванні. «Мы ствараем Цэнтр у надзеі, што тут будуць весціся фундаментальныя работы па вывучэнні і глыбокім аналізе развіцця краіны, будуць прагнозы на перспектыву. Сёння галоўнае — пераканаўча паказваць у грунтоўным, фундаментальным плане нашы дасягненні, асаблівасці, вартасці і перавагі нашай краіны, нашага народа, нашага жыцця», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.
Рашэнне аб стварэнні Цэнтра паліталогіі ў складзе Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі было прынята Бюро Прэзідыума 15 снежня 2023 года. На думку спецыялістаў, стварэнне Цэнтра паліталогіі азначае важны этап у інстытуцыяналізацыі айчыннай палітычнай навукі, накіраваны на рашэнне ключавых задач, якія стаяць перад нашым грамадствам і дзяржавай.
З першых дзён існавання Цэнтр паліталогіі ў сваёй працы абапіраецца на глыбокую тэарэтычную базу і актыўна займаецца распрацоўкай і рэалізацыяй важных праектаў. У прыватнасці, Цэнтрам паліталогіі сёння вядуцца даследаванні, накіраваныя на распрацоўку тэарэтыка-метадалагічных асноў вывучэння народаўладдзя ў нашай краіне. Асаблівая ўвага надаецца раскрыццю сутнасці і значэння Усебеларускага народнага сходу, яго асноўных прынцыпаў і асаблівасцей функцыянавання, а таксама яго ролі ў сістэме дзяржаўнага кіравання. Таксама вучонымі Цэнтра паліталогіі дадзены шэраг экспертных каментарыяў для дзяржаўных СМІ па рознай тэматыцы, у першую чаргу пра ролю і месца УНС у абноўленай палітычнай сістэме.
У Цэнтры паліталогіі працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты ў галіне паліталогіі і сацыялогіі, а таксама маладыя вучоныя, сярод якіх студэнты-выпускнікі кафедры паліталогіі Інстытута сацыяльна-гуманітарнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Ініцыятыўныя маладыя даследчыкі ўжо актыўна ўключаюцца ў навуковую дзейнасць, уносячы свой уклад у развіццё палітычнай навукі ў Беларусі.