Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

17.10.2024

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 кастрычніка правёў сустрэчу з навукоўцамі і ўдзельнікамі беларускіх антарктычных экспедыцый.

17 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з навукоўцамі і ўдзельнікамі беларускіх антарктычных экспедыцый. У самым пачатку сустрэчы з навукоўцамі і палярнікамі Аляксандр Лукашэнка задаў практыка-арыентаваны тон датычна навуковых даследаванняў і працы ў Антарктыдзе. Кіраўнік дзяржавы цікавіўся таксама магчымасцю камерцыялізацыі прадстаўленых тэхнічных распрацовак. Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы падкрэсліў, што пажадана, каб вынікам працы ў Антарктыдзе былі не толькі фундаментальныя даследаванні, але і практычныя вынікі. «Канкрэтныя павінны быць вынікі, — сказаў ён. — На гэта трацяцца велізарныя грошы, мы адцягваем людскія рэсурсы. Павінна быць дынаміка. Я вам па-народнаму скажу: ваш вынік мы павінны рукамі памацаць».

Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з навукоўцамі і ўдзельнікамі беларускіх антарктычных экспедыцый падтрымаў прапанову вызначыць у Беларусі статус палярніка.

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў далажыў аб экспедыцыйнай дзейнасці ў рэгіёне, міжнародным супрацоўніцтве і выніках навуковых даследаванняў. Беларусь пачала свой шлях па вывучэнні Антарктыкі з 2006 года, нагадаў Уладзімір Гусакоў. У той год краіна далучылася да Дагавора аб Антарктыцы (разам з 57 краінамі, з якіх 29 маюць кансультатыўны статус з правам голасу ў прыняцці рашэнняў). «Наша краіна з’яўляецца пакуль асацыяваным членам дагавора. Спадзяёмся, што найбліжэйшым часам мы таксама атрымаем статус кансультатыўнага боку», — сказаў ён. Для гэтага, паводле яго слоў, краінай ужо пададзена заяўка, якая будзе разгледжана ў 2025 годзе ў Італіі на нарадзе краін — удзельніц Дагавора. Уладзімір Гусакоў звярнуў увагу на практычную накіраванасць даследаванняў: «Напрыклад, дзякуючы празрыстай атмасферы, гэты рэгіён падыходзіць для перадпалётнай каліброўкі аптычнай апаратуры нашага касмічнага апарата, у сувязі з чым створаны эталонны палігон паблізу станцыі». Уладзімір Гусакоў падзякаваў кіраўніку дзяржавы за комплексную падтрымку дзейнасці ў рэгіёне Антарктыкі і звярнуўся з просьбай разгледзець магчымасць перайменаваць айчынную антарктычную станцыю «Гара Вячэрняя» ў станцыю «Беларуская». На цяперашні час у Антарктыцы размешчана каля 70 навуковых станцый 30 дзяржаў, уключаючы беларускую. У яе склад уваходзяць службова-жылыя, тэхналагічны, прыродаахоўныя аб’екты, прыборныя комплексы і навуковыя стацыянары. Гэта дазваляе гарантаваць бяспечныя ўмовы працы палярнікаў (да 15 чалавек) і арганізаваць даследаванні ў галіне біялогіі, фізікі атмасферы, кліматалогіі, геафізікі і геаэкалогіі.

Аляксей Гайдашоў, намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў і начальнік усіх беларускіх антарктычных экспедыцый, далажыў, што ва ўнікальных умовах Антарктыды выпрабоўваюцца складаныя прыборы, многія з якіх лепшыя за замежныя аналагі, а некаторыя наогул не маюць аналагаў у свеце. Кіраўніку дзяржавы паказалі комплекс для рэгістрацыі геафізічных сігналаў, спектрометр MARS-B, паглыбны фатометр, сонечны спектральны альбедаметр, комплекс мабільных метэаралагічных станцый, паглыбны батыскаф, кампанентную базу лідара і іншую тэхніку. Увазе Аляксандра Лукашэнкі таксама прадставілі мінералы і кампаненты прыроднага асяроддзя Антарктыкі, узоры флоры і фаўны і іншыя экспанаты па тэматыцы палярных даследаванняў.

Удзельнікі 16-й Беларускай антарктычнай экспедыцыі падарылі кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку дзяржаўны сцяг Беларусі, разгорнуты ў цяжкадаступным раёне Антарктыды, а таксама мінерал эндэрбіт. Узрост гэтага мінералу — каля 4 млрд гадоў. Ён уяўляе сабой аснову крышталічнага падмурка Зямлі.

Фота: president.gov.by