15–16 кастрычніка 2024 г. адбыўся V Міжнародны кангрэс гісторыкаў Беларусі «Гістарычная навука Беларусі: асобы, канцэпцыі, дасягненні (да 95-годдзя Інстытута гісторыі НАН Беларусі)». У рабоце прадстаўнічага навуковага форуму прынялі ўдзел больш за 200 навукоўцаў з Беларусі і замежных краін.
На ўрачыстым мерапрыемстве калектыву Інстытута гісторыі была ўручана Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Высокай узнагароды навуковая арганізацыя ўдастоена за значны ўклад у даследаванне гісторыі Беларусі, вывучэнне, захаванне і папулярызацыю гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны. Прывітальны адрас ад імя Дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Дзмітрыя Мезенцава абвясціла кіраўнік Прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Мар’яна Шчоткіна.
Удзельнікі Форуму азнаёміліся з навуковымі распрацоўкамі і практычнымі дасягненнямі айчынных і замежных навукоўцаў-гуманітарыяў па праблемах гістарычнага мінулага Беларусі; разгледзелі шляхі актывізацыі ўзаемадзеяння акадэмічнай і ўніверсітэцкай навукі па актуальных праблемах развіцця айчыннай сацыягуманітарыстыкі, арганізацыю і кіраванне творчай ініцыятывай студэнцкай моладзі па актуальных пытаннях вывучэння гісторыі беларускай дзяржаўнасці, а таксама іншыя актуальныя праблемы.
На Кангрэсе дэманстравалася выстава найноўшых выданняў Інстытута гісторыі НАН Беларусі і апошнія знаходкі вучоных-археолагаў.