17 і 18 кастрычніка 2024 года ў НПЦ НАН Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі праходзіла Міжнародная навукова-тэхнічная канферэнцыя «Навукова-тэхнічны прагрэс у сельскагаспадарчай вытворчасці». У ёй прынялі ўдзел навукоўцы Беларусі, Расіі, Казахстана.
Галоўная тэма канферэнцыі — інавацыйныя тэхналогіі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі. У сваіх дакладах удзельнікі мерапрыемства закранулі многія надзённыя пытанні, прадставілі вынікі распрацовак і выпрабаванняў рэсурсазберагальных тэхналогій і новых тэхнічных сродкаў у раслінаводстве, кормавытворчасці, жывёлагадоўлі і перапрацоўчых галінах АПК.
На пленарнае пасяджэнне быў запрошаны доктар тэхнічных навук, прафесар Уладзімір Дашкоў, выдатны навуковец беларускай аграінжынернай навукі. Калегі і ўдзельнікі канферэнцыі павіншавалі Уладзіміра Мікалаевіча з 75-годдзем з дня нараджэння і з 50-годдзем плённай навуковай дзейнасці, вынікам якой стаў істотны ўклад у развіццё айчыннага сельгасмашынабудавання.