Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

23.10.2024

У НАН Беларусі пройдзе XIV Беларуская матэматычная канферэнцыя

З 28 кастрычніка па 1 лістапада 2024 года ў НАН Беларусі пройдзе XIV Беларуская матэматычная канферэнцыя, прымеркаваная да 65-годдзя Інстытута матэматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Урачыстае адкрыццё канферэнцыі адбудзецца 28 кастрычніка 2024 года ў 14.00 у Прэзідыуме НАН Беларусі.

Канферэнцыя збярэ вядучых вучоных з Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Кітайскай Народнай Рэспублікі, Узбекістана, Таджыкістана, В’етнама, Польшчы, Чэхіі, Алжыра для абмеркавання апошніх дасягненняў, тэндэнцый і напрамкаў даследаванняў у галіне матэматыкі.

Навуковая праграма канферэнцыі складаецца з больш як 300 дакладаў, уключаючы 22 пленарныя. Правядзенне канферэнцыі запланавана ў вочна-дыстанцыйным фармаце, што дазволіць заслухаць даклады шэрагу вядомых спецыялістаў з большай колькасці краін, а таксама дасць беларускім матэматыкам выступіць перад больш шырокім колам спецыялістаў. Па папярэдніх падліках, у канферэнцыі прымуць удзел больш за 400 чалавек.

Беларуская матэматычная канферэнцыя з’яўляецца значнай падзеяй у навуковым жыцці краіны, удзел у якой дазваляе абменьвацца досведам, устанаўліваць і ўмацоўваць творчыя кантакты беларускіх матэматыкаў з замежнымі навуковымі калектывамі, пашыраць прымяненне матэматыкі ў прыкладных даследаваннях і распрацоўках, спрыяе прапагандзе дасягненняў у галіне матэматыкі ў тым ліку за межамі рэспублікі.

Напрамкі працы канферэнцыі: рэчавы і комплексны аналіз; функцыянальны аналіз і аператарныя ўраўненні; звычайныя дыферэнцыяльныя ўраўненні; ураўненні з частковымі вытворнымі і матэматычнае мадэляванне; алгебра, геаметрыя і тапалогія; тэорыя імавернасцей і матэматычная статыстыка; вылічальная матэматыка; тэарэтычная і прыкладная механіка; матэматычная крыптаграфія і аналіз даных; дыскрэтная матэматыка і матэматычная кібернетыка; аптымізацыя і тэорыя кіравання; мадэрнізацыя і лічбавізацыі навучання матэматыцы: фундаментальныя і прыкладныя аспекты.

Арганізатарамі XIV Беларускай матэматычнай канферэнцыі традыцыйна выступаюць Інстытут матэматыкі НАН Беларусі і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.