У НАН Беларусі створаны кластар «Інавацыйна-тэхналагічны кластар прамысловых тэхналогій Акадэмтэхнагорад». Такое рашэнне прынята 23 кастрычніка 2024 года на пасяджэнні Бюро Прэзідыума НАН Беларусі. Зацверджана Палажэнне аб кластары.
Мэта «Акадэмтэхнагорада» — стварэнне адзінай навуковай і тэхналагічнай прасторы ў сферы матэрыялазнаўства, навукаёмістых тэхналогій і абсталявання для апрацоўкі і стварэння матэрыялаў, пашырэнне супрацоўніцтва арганізацый НАН Беларусі і прамысловых прадпрыемстваў краіны, рашэнне комплексных тэхналагічных і вытворчых задач.
У склад кластара ўваходзяць арганізацыі НАН Беларусі: ДНУ «Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі», ДНУ «Інстытут прыкладной фізікі НАН Беларусі», ДНУ «Інстытут тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі», ДНУ «Інстытут цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі», ДНУ «Інстытут тэхналогіі металаў НАН Беларусі», РНПУП «Інстытут энергетыкі НАН Беларусі», доследна-вытворчае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Ферыт», адкрытае акцыянернае таварыства «Прыборабудаўнічы завод Аптрон». Галаўной арганізацыяй кластара з’яўляецца ДНУ «Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі».
Сярод задач, якія будзе вырашаць інавацыйна-тэхналагічны кластар прамысловых тэхналогій «Акадэмтэхнагорад»: навуковая экспертная ацэнка і суправаджэнне інавацыйных і навукова-тэхнічных праектаў рознага ўзроўню, аказанне кансультацыйных паслуг; распрацоўка сучасных навукаёмістых тэхналогій, інавацыйнага абсталявання ў галіне матэрыялазнаўства і апрацоўкі матэрыялаў у інтарэсах айчынных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці; аператыўнае і эфектыўнае рашэнне комплексных навукова-тэхнічных і тэхналагічных задач і інш.
Стварэнне кластара будзе садзейнічаць пашырэнню магчымасцей наяўных і стварэнню дадатковых цэнтраў кампетэнцый у арганізацыях НАН Беларусі, распрацоўцы і асваенню ў вытворчасці інавацыйных прамысловых тэхналогій, матэрыялаў і абсталявання, заснаваных на найноўшых навуковых дасягненнях і сусветным досведзе, якія садзейнічаюць вытворчасці і пашырэнню экспарту канкурэнтаздольных узораў айчыннай прадукцыі.
Каардынацыя дзейнасці па выкананні пастановы Бюро Прэзідыума ўскладзена на Аддзяленне фізіка-тэхнічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.