10–15 лістапада 2024 года ў НАН Беларусі знаходзілася дэлегацыя Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў (г. Дубна)*. Мэта візіту — прапрацоўка перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва з арганізацыямі НАН Беларусі.
13 лістапада адбыўся круглы стол «Перспектывы развіцця супрацоўніцтва АІЯД і НАН Беларусі», прысвечаны абмеркаванню праектаў для ўключэння ў Дарожную карту супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і АІЯД. З удзелам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова і дырэктара Аб’днанага інстытута ядзерных даследаванняў Рыгора Трубнікава былі падведзены вынікі працы і адбылося падпісанне пратакола па выніках круглага стала.
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў, што Беларусь працуе з Інстытутам з самага пачатку яго ўтварэння — ужо шмат дзесяцігоддзяў. «АІЯД — наймагутнейшая навукова-даследчая арганізацыя, якая па выніковасці не саступае заходнім навуковым цэнтрам, — падкрэсліў ён. — Зацікаўленыя ў супрацоўніцтве па розных напрамках. Гэта магчымасць павысіць наш узровень навуковых ведаў». Дэлегацыя Інстытута ў час цяперашняга візіту наведвае ўстановы НАН. У час сустрэч навукоўцы даюць высокую ацэнку беларускім распрацоўкам.
Як расказаў дырэктар АІЯД Рыгор Трубнікаў, наладжана ўзаемадзеянне з некалькімі дзясяткамі інстытутаў НАН. Гаворка ідзе як пра сумесныя публікацыі, навуковыя даследаванні, так і пра адукацыйныя праграмы, выхаванне маладога пакалення навукоўцаў, узаемныя візіты. «Спектр вельмі шырокі. Узаемадзейнічаем у галіне радыебіялогіі, медыцыны, прыродазнаўчых навук, у сферы распрацоўкі новых матэрыялаў, напрыклад для акумулятараў, нанатэхналогій, у прыватнасці па адраснай дастаўцы лекаў з дапамогай нанааб’ектаў. Прадстаўлены вельмі цікавыя праекты прыкладных даследаванняў у сейсмалогіі. Важным напрамкам з’яўляецца экалогія. Усе гавораць пра змяненне клімату, што трэба змяншаць вугляродны след, працаваць з прадпрыемствамі, хутка і дакладна вызначаць крыніцу забруджвання атмасферы, глебы, вады (сцёкавай або ў рэках, азёрах). У нас ёсць сумесныя цалкам унікальныя экалагічныя праекты: 55 ізатопаў можам вызначаць з рэкорднай дакладнасцю», — праінфармаваў Рыгор Трубнікаў.
У ходзе візіту члены дэлегацыі АІЯД наведалі цэлы шэраг арганізацый НАН Беларусі. Сярод іх: ДНУ «Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі», ДНУ «Інстытут цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі», ДНВА «НПЦ па матэрыялазнаўстве НАН Беларусі», ДНУ «Інстытут прыкладной фізікі НАН Беларусі», ДНУ «Інстытут фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі», ДНВА «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка», ДНУ «Аб’яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі», ААТ «Мінскі НДІ радыёматэрыялаў», ДНУ «Аб’яднаны інстытут энергетыкі і ядзерных даследаванняў – Сосны НАН Беларусі» і інш.
Аб’яднаны інстытут ядзерных даследаванняў — сусветна вядомы навуковы цэнтр, які з’яўляецца ўнікальным прыкладам паспяховай інтэграцыі фундаментальных тэарэтычных і эксперыментальных даследаванняў з распрацоўкай і прымяненнем найноўшых тэхналогій і ўніверсітэцкай адукацыяй. Рэйтынг АІЯД у сусветнай навуковай супольнасці вельмі высокі. Членамі АІЯД сёння з’яўляюцца 16 дзяржаў, уключаючы Рэспубліку Беларусь.