14 лістапада 2024 года ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя: «Пра стварэнне электроннага варыянта “Беларускай энцыклапедыі”». Пра працу над новым праектам расказалі Станіслаў Юрэцкі — дырэктар ДНУ «Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі»; Соф’я Самуэль — загадчык галоўнай рэдакцыі Цэнтра энцыклапедычных выданняў; Ігар Капылоў — дырэктар філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа»; Аляксей Літвін — загадчык Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі; Аляксандр Пугачэўскі — загадчык лабараторыі праблем экалогіі лесу і дэндрахраналогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі і Міхаіл Струк — вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі аптымізацыі геасістэм Інстытута прыродакарыстання НАН Беларусі.
Як расказалі ўдзельнікі прэс-мерапрыемства, мэта новага праекта — стварэнне прасторы дакладных ведаў пра Беларусь. У электронным фармаце энцыклапедыя дзеліцца на блокі (раздзелы) па тэмах. Да напісання артыкулаў прыцягваюцца аўтары, якія раней пацвердзілі сваю навуковую кваліфікацыю. Гэта — шматтомная рэгіянальная нацыянальная краіназнаўчая энцыклапедыя міжнароднага ўзроўню. Унікальны праект па аб’ёме інфармацыі, па колькасці спецыялістаў, прыцягнутых да працы, і стварэнні магчымасцей для іх узаемадзеяння. Фундаментальнае выданне змяшчае артыкулы дастатковага аб’ёму і глыбіні аналізу па ўсіх найбольш важных аспектах, з’явах і паняццях у гісторыі і сучаснасці Беларусі. Гэта выданне, якое кадыфікуе і адлюстроўвае ўзровень развіцця навукі і культуры, найважнейшы імпульс для далейшага развіцця.
У цяперашні час распрацаваны і адкрыты для карыстальнікаў сайт «Беларуская энцыклапедыя» - https://belarusenc.by.
Поўная версія прэс-канферэнцыі – https://bpc.by/ru/