Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.11.2024

21–22 лістапада 2024 года пройдзе Міжнародная навуковая канферэнцыя «Інтэлектуальная культура Беларусі: ад Асветы да Сучаснасці»

ДНУ «Інстытут філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» праводзіць 21–22 лістапада 2024 года Міжнародную навуковую канферэнцыю «Інтэлектуальная культура Беларусі: ад асветы да сучаснасці».

Канферэнцыя працягвае серыю штогадовых мерапрыемстваў Інстытута філасофіі НАН Беларусі, прымеркаваных да Сусветнага дня філасофіі ЮНЕСКА (адзначаецца ў трэці чацвер лістапада), і прысвечана раскрыццю і папулярызацыі для сусветнай супольнасці інтэлектуальнай культуры Беларусі ў разнастайнасці яе праяў, яе філасофскай, маральна-этычнай і грамадска-палітычнай думкі, навукі і адукацыі. Канферэнцыя падводзіць вынік шматлікіх мерапрыемстваў, арганізаваных Інстытутам філасофіі НАН Беларусі ў рамках Тыдня беларускай філасофіі.

Праблематыка канферэнцыі 2024 года выяўляе асаблівасці гістарычнай дынамікі ў філасофскай і навуковай рацыянальнасці, якая названа «Ад Асветы да Сучаснасці». Асвета і сучаснасць разумеюцца тут не проста як канкрэтныя гістарычныя эпохі, але як пэўныя інтэлектуальныя праекты, устаноўкі мыслення, звязаныя са спецыфічнымі ўяўленнямі пра чалавека, прыроду, грамадства. У рамках канферэнцыі мы абмяркуем, што з гэтых установак і якім чынам захоўвае свой уплыў у сучаснай культуры і філасофскай думцы, паспрабуем ацаніць іх эўрыстычны патэнцыял для разумення і прагназавання трансфармацый, якія імкліва адбываюцца сёння, для пераадолення, купіравання або мінімізацыі інфармацыйных, экалагічных, сацыякультурных рызык і пагроз, для ўмацавання духоўнай, культурнай і гуманітарнай бяспекі грамадства. Выбар такой тэмы для канферэнцыі звязаны з 300-гадовым юбілеем выдатнага філосафа эпохі Асветы Імануіла Канта, што дазваляе паставіць пытанне пра актуалізацыю яго філасофскай спадчыны, развіццё кантаўскіх ідэй у галіне тэорыі пазнання, маральнай філасофіі, палітычнай тэорыі і г. д.

У канферэнцыі прымуць удзел больш за 200 навукоўцаў, выкладчыкаў, работнікаў органаў дзяржаўнай улады і кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, экспертаў, спецыялістаў у сферы сацыяльна-гуманітарных ведаў з Беларусі, Расійскай Федэрацыі, Кітая, Манголіі, Камеруна, Узбекістана і іншых краін.

Рабочыя мовы канферэнцыі: беларуская, руская, англійская.

У рамках канферэнцыі арганізаваны прадметны дыялог прадстаўнікоў навуковай супольнасці, работнікаў сферы культуры, адукацыі, органаў дзяржаўнай улады і кіравання. Ён прадстаўлены на пленарным пасяджэнні, працы чатырох секцый: «Спадчына Імануіла Канта ў кантэксце сусветнай і нацыянальнай філасофскай думкі»; «Спецыфіка трансфармацый эпохі сучаснасці: сацыяльна-філасофскія тэорыі ва ўмовах глабальных выклікаў»; «Перспектывы сучаснага сінтэзу ведаў: трансдысцыплінарныя стратэгіі і сацыягуманітарны кантэкст»; «Рэлігія ў секулярным і постсекулярным грамадстве: ад асветы да сучаснасці» і круглых сталах «Кантэкстуальны рэалізм як філасофская аснова натуральных і сацыягуманітарных навук» і «Беларусь і Кітай у глабальных ініцыятывах: магчымасці для партнёрства».

Да пачатку канферэнцыі выдадзены зборнік навуковых прац у двух тамах.

Азнаёміцца з матэрыяламі і праграмай канферэнцыі можна на сайце Інстытута філасофіі НАН Беларусі http://philosophy.by

Тэгi
#анонсы