20–21 лістапада 2024 г. у НАН Беларусі адбылося пасяджэнне Сумеснай расійска-беларускай рабочай групы па падрыхтоўцы прапаноў па пераліку перспектыўных праграм Саюзнай дзяржавы і развіцці супрацоўніцтва паміж прадпрыемствамі дзяржкарпарацыі «Раскосмас» і НАН Беларусі.
На пасяджэнні былі абмеркаваны вынікі выканання работ па праграме «Комплекс-СД», розныя аспекты ўкаранення на прадпрыемствах Беларусі і Расіі вынікаў, атрыманых у рамках завершаных праграм Саюзнай дзяржавы «Тэхналогія-СД» і «Інтэграцыя-СД», а таксама разгледжаны сумесныя прапановы па новых праграмах «Распрацоўка элементаў бартавых сродкаў і апаратуры, кампазіцыйных матэрыялаў і канструкцый у інтарэсах павышэння рэсурсу эксплуатацыі і канструктыўнай дасканаласці перспектыўных сродкаў касмічнага прызначэння, у тым ліку для даследавання далёкага космасу» («Рэсурс-СД»), «Распрацоўка базавых элементаў сістэм прагназавання ўзнікнення лясных пажараў, ідэнтыфікацыі іх ачагоў, вызначэння тэндэнцый распаўсюджвання, ацэнак шкоды на аснове даных лесаўпарадкавання і касмічнага маніторынгу з выкарыстаннем перспектыўнай мэтавай апаратуры касмічных апаратаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі» («Космадазор-СД») і пытанні фарміравання перспектыўных праектаў у галіне стварэння матэрыялаў і пакрыццяў, а таксама базавых вытворчых працэсаў, якія забяспечваюць комплекснае развіццё ракетна-касмічнай тэхнікі, стандартызацыі касмічнай тэхнікі, маніторынгу калязямной касмічнай прасторы і інш.
Ад НАН Беларусі ў рабоце пасяджэння прынялі ўдзел першы намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік Сяргей Чыжык, начальнік упраўлення аэракасмічнай дзейнасці апарату НАН Беларусі, акадэмік (сустаршыня рабочай групы) Пётр Віцязь, супрацоўнікі НАН Беларусі і падначаленых арганізацый. Ад дзяржкарпарацыі «Раскосмас» у рабоце прынялі ўдзел дырэктар Дэпартамента стратэгічнага планавання дзяржкарпарацыі «Раскосмас» (сустаршыня рабочай групы) Юрый Макараў і супрацоўнікі названага падраздзялення, а таксама прадстаўнікі прадпрыемстваў АТ «ДКНВЦ імя М. В. Хрунічава», АТ «ЦНДІмаш», АТ «НВА “Тэхнамаш”», АТ «Кампазіт», АТ «Расійскія касмічныя сістэмы». Ад Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы ў рабоце нарады прынялі ўдзел намеснік Дзяржаўнага сакратара — член Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы Аляксей Кубрын і памочнік Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Пётр Анціпін.