Прэзідыум НАН Беларусі падвёў вынікі конкурсу на саісканне прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2024 года. Вырашана прысудзіць восем прэмій НАН Беларусі.
Прэміі НАН Беларусі 2024 года прысуджаны:
у галіне фізіка-матэматычных навук – Белавусу Анатолю Іванавічу, члену-карэспандэнту, доктару тэхнічных навук, прафесару, Саладуху Віталю Аляксандравічу, загадчыку цэнтра дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка», доктару тэхнічных навук, – за цыкл манаграфій, прызначаных для падрыхтоўкі навуковых і інжынерна-тэхнічных кадраў у галіне мікраэлектронікі і яе прымяненняў;
у галіне інфармацыйных тэхналогій – Андрыянаву Аляксандру Міхайлавічу, галоўнаму навуковаму супрацоўніку дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», доктару хімічных навук, прафесару, Тузікаву Аляксандру Васільевічу, загадчыку лабараторыі дзяржаўнай навуковай установы «Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», члену-карэспандэнту, доктару фізіка-матэматычных навук, прафесару, Фурсу Канстанціну Віктаравічу, малодшаму навуковаму супрацоўніку дзяржаўнай навуковай установы «Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», – за цыкл работ «Прымяненне тэхналогій штучнага інтэлекту і малекулярнага мадэлявання для распрацоўкі новых патэнцыйных лекавых прэпаратаў супраць COVID-19»;
у галіне фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук – Піцуху Яўгену Аляксандравічу, загадчыку лабараторыі дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», доктару тэхнічных навук, Цяпліцкаму Юрыю Сямёнавічу, галоўнаму навуковаму супрацоўніку дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», доктару тэхнічных навук, Бучылку Эдуарду Казіміравічу, навуковаму супрацоўніку дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», – за цыкл работ «Распрацоўка і ўкараненне новай высокаэфектыўнай тэхналогіі трохстадыйнага цыклонна-слаявога спальвання цвёрдага біяпаліва»;
у галіне хімічных навук і навук аб Зямлі – Агабекаву Уладзіміру Янокавічу, загадчыку аддзела дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут хіміі новых матэрыялаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», акадэміку, доктару хімічных навук, прафесару, Адзярыху Ігару Эдуардавічу, прафесару кафедры ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт», доктару медыцынскіх навук, прафесару, Уладзімірскай Таццяне Эрнстаўне, вядучаму навуковаму супрацоўніку ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт», кандыдату біялагічных навук, дацэнту, – за цыкл работ «Новыя ліпасамальныя формы сістэм адраснай дастаўкі трамбалітычных прэпаратаў: стварэнне, уласцівасці і прымяненне»;
у галіне біялагічных навук – Нікіфараву Міхаілу Яфімавічу, загадчыку лабараторыі дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах», акадэміку, доктару біялагічных навук, прафесару, Юрчанка Іне Станіславаўне, старшаму навуковаму супрацоўніку дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднання «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах», – за цыкл работ «Жывёльны свет у зоне аварыі ЧАЭС: ацэнка стану, паразітарных пагроз і радыяцыйна-індуцыраваных рызык»;
у галіне медыцынскіх навук – Герасіменку Міхаілу Аляксандравічу, дырэктару дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі», члену-карэспандэнту, доктару медыцынскіх навук, прафесару, Сакалоўскаму Алегу Анатольевічу, загадчыку лабараторыі дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр траўматалогіі і артапедыі», доктару медыцынскіх навук, прафесару, Аносаву Віктару Сяргеевічу, галоўнаму ўрачу ўстановы аховы здароўя «6-я гарадская клінічная бальніца» г. Мінска, кандыдату медыцынскіх навук, дацэнту, – за цыкл работ «Дыягностыка парушэнняў хады і сучасныя органазахавальныя тэхналогіі лячэння дэфармацый ніжніх канечнасцей у пацыентаў дзіцячага і маладога ўзросту»;
у галіне гуманітарных і сацыяльных навук – Вадап’янаву Паўлу Аляксандравічу, прафесару кафедры ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт», члену-карэспандэнту, доктару філасофскіх навук, прафесару, – за манаграфію «На переломе эпох: выбор стратегии созидания будущего», выдадзеную ў 2023 годзе;
у галіне аграрных навук – Урбану Эрому Пятровічу, першаму намесніку генеральнага дырэктара па навуковай рабоце рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве», члену-карэспандэнту, доктару сельскагаспадарчых навук, прафесару, Зубковічу Аляксандру Аляксандравічу, загадчыку аддзела рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробстве», кандыдату сельскагаспадарчых навук, – за навуковую работу «Распрацоўка метадаў селекцыі, стварэнне сістэмы сартоў і гібрыдаў жыта, ячменю — стратэгічнага фактару імпартазамяшчэння і забеспячэння харчовай бяспекі Рэспублікі Беларусь».
Дыпломы лаўрэатам будуць уручаны ў рамках святкавання Дня беларускай навукі ў студзені 2025 года.
Прэміі НАН Беларусі заснаваны ў 1995 годзе для падтрымкі айчынных вучоных, навуковыя працы якіх атрымалі прызнанне ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі, аказалі значны ўплыў на выкананне дзяржаўных праграм, спрыялі развіццю інавацыйнай дзейнасці, павышэнню эфектыўнасці эканомікі краіны, забеспячэнню харчовай бяспекі і вырашэнню задач аховы навакольнага асяроддзя і здароўя насельніцтва, а таксама для стымулявання творчай актыўнасці і прафесійнага росту вучоных.
З 2017 года конкурсы на саісканне прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзяцца штогод. Згодна з Палажэннем аб прэміях прысуджаецца 8 прэмій памерам 35 базавых ставак кожная: у галіне фізіка-матэматычных навук, у галіне інфармацыйных тэхналогій, у галіне фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук, у галіне хімічных навук і навук аб Зямлі, у галіне біялагічных навук, у галіне медыцынскіх навук, у галіне гуманітарных і сацыяльных навук, у галіне аграрных навук.