Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

18.12.2024

НАН Беларусі назвала лаўрэатаў прэмій для маладых вучоных 2024 года

Прэзідыум НАН Беларусі падвёў вынікі конкурсу на саісканне прэмій для маладых вучоных НАН Беларусі 2024 года. Лаўрэатамі сталі 12 маладых вучоных.

У адпаведнасці з Палажэннем аб прэміях для маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі вырашана прысудзіць:

прэміі імя акадэміка Ж. І. Алфёрава для маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2024 года:

Яўгеніі Зяноўка, малодшаму навуковаму супрацоўніку ДНУ «Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі», Андрэю Бакуновічу, малодшаму навуковаму супрацоўніку ДНУ «Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі», Віталю Хахлову, інжынеру-праграмісту ДНУ «Аб'яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі», – за  цыкл работ «Распрацоўка агульнай інтэрактыўнай “Платформы штучнага інтэлекту BELAI.BY” і платформы “Галасавы AI-асістэнт» з сістэмамі пытанняў і адказаў, з якімі можна размаўляць голасам і тэкстам»;

Міхаілу Кавалько, намесніку начальніка аддзела ДНУ «Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі», кандыдату тэхнічных навук, – за цыкл работ «Жалезавугляродзістыя сплавы з аўсферытнай і аўсферытна-карбіднай структурай матрыцы для вырабаў, якія спалучаюць у сабе высокую трываласць, вязкасць і зносаўстойлівасць»;

прэміі імя акадэміка В. Ф. Купрэвіча для маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2024 года:

Ганне-Марыі Ерафеевай, навуковаму супрацоўніку ДНУ «Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі», – за цыкл работ «Удзел канабіноідных рэцэптараў у анальгетычным і пратэктарным дзеянні мезенхімальных ствалавых клетак ва ўмовах нейрапатычнага болю»;

Паліне Лабаноўскай, навуковаму супрацоўніку ДНВА «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах», Арсенію Валністаму, навуковаму супрацоўніку ДНВА «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах», Уладзіславу Молчану, навуковаму супрацоўніку ДНВА «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па біярэсурсах», – за цыкл работ «Ацэнка папуляцыйных генафондаў і маніторынг паразітарных пагроз у дзікіх жывёл Беларусі»;

Аляксандру Шарэнку, загадчыку сектара РНУП «Інстытут сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі», – за цыкл работ «Удасканаленне механізмаў стымулявання развіцця рэгіянальнай эканомікі аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь»;

Кацярыне Шмыга, загадчыку сумеснай беларуска-кітайскай лабараторыі ДНВА «Хімічны сінтэз і біятэхналогіі», – за цыкл работ «Біяхімічныя, генетычныя і тэхналагічныя асновы стварэння комплекснага мікробнага прэпарату для павышэння прадукцыйнасці збожжавых культур»;

прэмію імя акадэміка У. М. Ігнатоўскага для маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2024 года:

Дзмітрыю Крэнту, навуковаму супрацоўніку дзяржаўнай установы «Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», – за цыкл работ «Гісторыя акадэмічнай навукі Беларусі ў ХХ стагоддзі»;

Аляксандры Нічыпаровіч, навуковаму супрацоўніку ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі», кандыдату мастацтвазнаўства, – за цыкл работ «Сучасная архітэктура ў гістарычным асяроддзі гарадоў Беларусі ў кантэксце тэндэнцый сусветнай праектнай практыкі».

 Прэміі для маладых вучоных НАН Беларусі заснаваны ў 2019 годзе з мэтай падтрымкі і заахвочвання таленавітых маладых вучоных, якія працуюць у арганізацыях НАН Беларусі, стымулявання іх творчай ініцыятывы, умацавання кадравага патэнцыялу, увекавечання памяці выдатных беларускіх вучоных і папулярызацыі ведаў аб гісторыі беларускай навукі.

Сістэма прэмій для маладых вучоных уключае тры імянныя прэміі:

прэмію імя акадэміка Ж. І. Алфёрава — у галіне фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук (колькасць прэмій, якія прысуджаюцца, – 2);

прэмію імя акадэміка В. Ф. Купрэвіча — у галіне біялогіі, хіміі і навук аб Зямлі, медыцыны, аграрных навук (колькасць прэмій, якія прысуджаюцца, – 4);

прэмію імя акадэміка У. М. Ігнатоўскага — у галіне гуманітарных і сацыяльных навук (колькасць прэмій, якія прысуджаюцца, – 2).

Усяго, паводле Палажэння, прысуджаецца 8 прэмій памерам 15 базавых ставак кожная.