Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.12.2024

Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў павіншаваў навуковую грамадскасць з Новым 2025 годам і са святам Нараджэння Хрыстовага

Паважаныя калегі! Дарагія сябры!

Завяршаецца 2024 год. У жыцці айчыннай навукі ён быў яркім, насычаным і напружаным. Дазволіў прасунуцца па ўсіх напрамках, вырашыць важныя і часам амбіцыйныя задачы, атрымаць навуковыя вынікі апераджальнага значэння.

Сёлета мы адзначылі 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Навукоўцы НАН Беларусі правялі цэлы цыкл мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай знамянальнай даце. Самым буйным стаў міжнародны форум «Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны: гісторыя і сучаснасць (да 80-годдзя вызвалення Беларусі)», прысвечаны гадавіне вызвалення Беларусі ад нацысцкай акупацыі. Гэтая навуковая канферэнцыя сканцэнтравала намаганні многіх навуковых арганізацый, навучальных устаноў па захаванні аб’ектыўнай памяці пра падзеі, звязаныя з юбілеем, стала важным праектам патрыятычнай накіраванасці.

Знакавай падзеяй у жыцці краіны стаў палёт першай беларускай жанчыны-касманаўта, Героя Беларусі Марыны Васілеўскай, і яе праца на МКС. Менавіта НАН Беларусі выконвала праект — арганізавала, вяла адбор і суправаджэнне кандыдатаў на гэты палёт. На МКС Марына Васілеўская выконвала навуковую праграму, распрацаваную Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі сумесна з «Раскосмасам» і Расійскай акадэміяй навук.

Беларуская навука з’яўляецца вядучай прадукцыйнай сілай, а Нацыянальная акадэмія навук стала брэндам і неад’емным атрыбутам краіны. Ніводная значная падзея не абыходзіцца без удзелу вучоных. Таму цалкам заканамерна, што грамадства пастаянна цікавіцца станам айчыннай навукі. Нашай рабоце асаблівую ўвагу аддае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і кіраўніцтва краіны.  І таму пацвярджэнне — шэраг сустрэч, якія прайшлі з удзелам акадэмічных вучоных. Усё гэта накладае асаблівую адказнасць.

У 2024 годзе вучоныя Акадэміі навук змаглі генераваць яркія ідэі і прапановы, укараняць высокаэфектыўныя распрацоўкі, наладжваць партнёрскія сувязі, развіваць навукаёмістыя вытворчасці. У адыходзячым годзе былі адкрыты новыя лабараторыі, цэнтры, вытворчасці. Сярод іх — Цэнтр паліталогіі Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі і канструктарскі цэнтр інавацыйных распрацовак, створаны ў Фізіка-тэхнічным інстытуце ў рамках «Акадэмтэхнагорада». Створаны электронны варыянт «Беларускай энцыклапедыі». З поспехам прайшлі нашы брэндавыя мерапрыемствы —Фестываль навукі і маштабная выстава III Форуму IT-Акадэмгорада «Штучны інтэлект у Беларусі».

Мы імкнуліся зрабіць наша жыццё лепшым: удасканальвалі работу па ўсіх напрамках — ад космасу да сельскай гаспадаркі і Антарктыды, мікраэлектронікі, электратранспарту і беспілотнікаў. Вучоныя выпускалі знакавыя кніжныя выданні, праводзілі маштабныя мерапрыемствы па ўвекавечанні гістарычнай памяці. І гэта — далёка не поўны спіс усяго таго, што зроблена за год. Прадстаўнікі НАН Беларусі імкнуліся працаваць з павышанай аддачай. Бо менавіта 2024 год быў абвешчаны Кіраўніком дзяржавы Годам якасці.

У гэтыя святочныя дні дзякую калегам-вучоным, намаганнямі якіх наша краіна працягвае ўпэўнена ісці па стваральным шляху. Дзякуй усім, хто мае дачыненне да беларускай навукі і працаваў на дасягненне нашых агульных мэт!

Дарагія сябры!

Ад імя Прэзідыума НАН Беларусі і ад сябе асабіста сардэчна віншую вас з Новым, 2025-м годам і светлым святам Нараджэння Хрыстовага. Шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя, невычэрпных ідэй і поспехаў ва ўсіх справах!

Дарыце адно аднаму радасць, дабро і любоў!

Хай мацнее і квітнее наша родная Беларусь!

З Новым годам вас, дарагія сябры! 

З павагай,
Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума
Нацыянальнай акадэміі
навук Беларусі, акадэмік