На пасяджэнні Бюро Прэзідыума НАН Беларусі прынята рашэнне пра вынікі конкурсу селекцыйных дасягненняў на найлепшы сорт (гібрыд) сельскагаспадарчых раслін «Найлепшы сорт». Найлепшым прызнаны сорт азімай мяккай пшаніцы Асіма. Гэта — сумесная распрацоўка навукоўцаў РУП «НПЦ НАН Беларусі па земляробстве» і ДНУ «Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі».
Асіма — высокапрадукцыйны, высакаякасны кароткасцябловы сорт азімай пшаніцы інтэнсіўнага тыпу выкарыстання, устойлівы да асноўных відаў хвароб (грыбных захворванняў). Сярэдняя ўраджайнасць за гады выпрабаванняў склала 69,4 ц/га, максімальная – 122 ц/га. Хлебапякарныя якасці добрыя, агульная хлебапякарная адзнака 4,3 бала. Вылучаецца высокай устойлівасцю да палягання і зімаўстойлівасцю. Можа выкарыстоўвацца для атрымання хлебабулачных вырабаў. З поспехам можа замяніць сарты азімай пшаніцы замежнай селекцыі.
На конкурс селекцыйных дасягненняў на найлепшы сорт (гібрыд) сельскагаспадарчых раслін «Найлепшы сорт» НАН Беларусі дапускаецца вылучэнне сорту (гібрыда), уключанага ў Дзяржаўны рэестр сартоў сельскагаспадарчых раслін дзяржаўнай установы «Дзяржаўная інспекцыя па выпрабаванні і ахове сартоў раслін» не раней за 5 гадоў да конкурснага года. Прысуджаецца адна прэмія за распрацоўку новага айчыннага сорту, які перасягае сарты замежнай селекцыі, што вырошчваюцца ў Рэспубліцы Беларусь, па ўраджайнасці і іншых тэхналагічных паказчыках і вырашае задачы імпартазамяшчэння. Прэмія прысуджаецца як індывідуальна, так і калектыву саіскальнікаў. Права вылучэння работ для ўдзелу ў конкурсе даецца навуковым арганізацыям НАН Беларусі, іх работнікам, якія з’яўляюцца аўтарамі, у парадку самавылучэння.
Конкурс селекцыйных дасягненняў на найлепшы сорт (гібрыд) сельскагаспадарчых раслін «Найлепшы сорт» НАН Беларусі праводзіцца з мэтай фарміравання цэласнага пазітыўнага вобраза навукі, павышэння яе аўтарытэту, прыцягнення ўвагі шырокіх слаёў грамадскасці да дасягненняў беларускіх вучоных-селекцыянераў, прадстаўлення актуальнай інфармацыі пра распрацоўкі, якія праводзяцца з мэтай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, стымулявання творчай і прафесійнай актыўнасці вучоных.