Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

21.01.2025

У НАН Беларусі адбыўся форум «Першы крок у навуку»

20–21 студзеня 2025 года ў НАН Беларусі адбылася рэспубліканская канферэнцыя навучэнцаў «Першы крок у навуку». Арганізатар форума –  Савет маладых вучоных НАН Беларусі. Як падкрэсліў на палях форума старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі: «Мы праводзім гэтую канферэнцыю другі раз. Яна накіравана на стымуляванне цікавасці школьнікаў да навукова-даследчай дзейнасці. Яна праводзіцца па ўсіх асноўных навуковых кірунках, якія існуюць у нашай краіне і ў цэлым у сусветнай навуцы, інакш кажучы і па гуманітарных, і па прыродазнаўчых навуках. Летась было каля 200 удзельнікаў, сёлета – мінула за 700: рост больш чым у тры разы. Практычна палова ўдзельнікаў – будучыя гуманітарыі. Вельмі вялікая цікавасць у іх да гісторыі, у тым ліку гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, да сацыялогіі, да беларускай культуры, мовы і літаратуры».

Канферэнцыя была прымеркавана да Дня беларускай навукі і праводзілася з мэтай пошуку навучэнцаў, якія цікавяцца навуковымі даследаваннямі, і развіцця навыкаў прэзентацыі вынікаў даследчай дзейнасці. Юныя даследчыкі азнаёміліся з выставай «Айчынная гуманітарыстыка – грамадству», навукова-тэхнічнымі распрацоўкамі маладых навукоўцаў, прадставілі даклады ў галіне аграрных, біялагічных, медыцынскіх, гуманітарных, фізіка-тэхнічных, фізіка-матэматычных, хімічных навук на секцыях у навуковых арганізацыях НАН Беларусі, даведаліся пра перспектыўныя кірункі дзейнасці Акадэміі навук на пленарных пасяджэннях канферэнцыі.