22 студзеня 2025 года ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі адбылося ўрачыстае адкрыццё музейнай экспазіцыі навуковай кнігі, прымеркаванае да Дня беларускай навукі. Экспазіцыя прадстаўляе гісторыю навуковага пісьменства ад зараджэння пісьма да нашых дзён, дае ўяўленне аб метадах, матэрыялах і прыстасаваннях для пісьма. Акрамя таго, яна прэзентуе кнігу як складаны феномен, які аб'ядноўвае элементы літаратуры, навукі, тэхналогіі і мастацтва, а таксама як важны аб'ект матэрыяльнай і духоўнай культуры.
Як адзначыў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, ставілася задача пазнаёміць навукоўцаў, усё беларускае грамадства з тым здабыткам, які маецца ў Акадэміі навук, у акадэмічнай бібліятэцы. «Тут засяроджаны ўнікальны фонд: гістарычная кніга, навуковая кніга. Такой калекцыі навуковай кнігі няма нідзе ў Беларусі. Наш гонар – большая частка бібліятэкі Радзівілаў тут, у нашай бібліятэцы захоўваецца. І за апошнія гады гэтая калекцыя папоўнілася вялікай колькасцю рэдкіх навуковых кніг. Тут могуць працаваць навукоўцы, усе жадаючыя, акунуцца ў гісторыю, дакрануцца да каштоўнасцяў, паглядзець, як развівалася навуковая кніга. Кніга – самы каштоўны і яркі носьбіт культуры народа. Трэба ўсё берагчы, шанаваць і захаваць для будучых пакаленняў. Гэта з'яўляецца вялікай каштоўнасцю грамадства, народа», – падкрэсліў Уладзімір Гусакоў. Старшыня Прэзідыума пакінуў першы запіс у кнізе ганаровых гасцей.
Цэнтральнае месца ў экспазіцыі навуковай кнігі прысвечана кнізе як музейнаму прадмету. Наведвальнікі могуць азнаёміцца з арыгіналамі інкунабул 1490-х гг., работамі знакамітых славянскіх навукоўцаў XVI-XVIII стст., пачынаючы з палемістаў, заканчваючы аўтарамі падручнікаў па граматыцы, логіцы, гісторыі. Сярод экспанатаў гэтага перыяду – выдатныя помнікі, надрукаваныя ў друкарнях у Заблудаве, Вільні, Гродне, Супраслі. Сярод аўтараў – Сімяон Полацкі, Мялецій Сматрыцкі, Памва Бярында і многія інш. Кнігі на еўрапейскіх мовах прадстаўлены прыжыццёвымі выданнямі Эразма Ратэрдамскага, Марціна Лютэра, Дэні Дзідро, Казіміра Семяновіча, Міхаіла Ламаносава і іншых выдатных асветнікаў. XIX ст. знайшло сваё адлюстраванне ў багата ілюстраваных выданнях з літаграфіямі вядучых кніжных мастакоў таго часу. Наведвальнікі могуць азнаёміцца з уяўленнямі навукоўцаў гэтага перыяду аб тым, як выглядалі найстаражытныя выкапнёвыя жывёлы, убачыць класічныя трактаты па батаніцы, матэматыцы, фізіцы, сельскай гаспадарцы.
У Музейнай экспазіцыі навуковай кнігі можна таксама азнаёміцца з беларускімі акадэмічнымі выданнямі з 1922 г. да нашых дзён, а таксама выданнямі кіраўнікоў Акадэміі навук Беларусі і Інстытута беларускай культуры, пачынаючы ад Сцяпана Міхайлавіча Некрашэвіча і Усевалада Макаравіча Ігнатоўскага.
Наведванне Музейнай экспазіцыі навуковай кнігі для арганізаваных груп магчыма па папярэдняй дамоўленасці па тэл. 8(017) 379-10-03, або e-mail: cisir@kolas.basnet.by, Цэнтр даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі.