29 студзеня 2025 года ў ДНУ «Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі» адбылося адкрыццё новага Навукова-вытворчага ўчастка высокатэмпературнай вакуумнай тэрмічнай апрацоўкі. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч, акадэмік-сакратар аддзялення фізіка-тэхнічных навук Сяргей Шчарбакоў, кіраўнікі арганізацый аддзялення фізіка-тэхнічных навук, супрацоўнікі iнстытута, запрошаныя госці.
Як адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, у пяцігодку якасці Кіраўнік дзяржавы ставіць задачу павышэння надзейнасці і якасці ўсёй вырабленай у Беларусі прадукцыі, у тым ліку ў галіне машынабудавання. І гэтаму будзе спрыяць новы ўчастак інстытута. «Усё, што робіць Фізіка-тэхнічны інстытут НАН, накіравана на павышэнне якасці і надзейнасці нашага машынабудавання. Дэталі, механізмы, вузлы – яны павінны быць надзейнымі і даўгавечнымі. А гэтага можна дасягнуць толькі дзякуючы такім вось унікальным устаноўкам, якія маюцца на базе новага навукова-вытворчага ўчастка. Такая работа неабходная, каб беларуская прадукцыя карысталася попытам і была канкурэнтнай на сусветным рынку», – падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.
Стварэнне навукова-вытворчага ўчастка – гэта вынік назапашанага вопыту і паспяховай работы каманды вучоных і спецыялістаў Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі пры фінансавай падтрымцы інавацыйнага фонду Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Мэта новага праекта – узмацненне ўзаемадзеяння навукі і вытворчасці, развіццё навукова-тэхналагічнага патэнцыялу цэнтраў кампетэнцый інавацыйна-тэхналагічнага кластара прамысловых тэхналогій Акадэмтэхнаград.
Участак абсталяваны асноўным і дапаможным абсталяваннем, неабходным для рэалізацыі паўнавартасных прамысловых тэхналогій, і прызначаны для дэманстрацыі і адпрацоўкі тэхналогій вакуумнай тэрмічнай апрацоўкі вырабаў з металаў і сплаваў у інтарэсах прадпрыемстваў машынабудавання. Комплекс абсталявання валодае высокай ступенню аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў і дазваляе ажыццявіць практычна ўсе віды сучаснай высокаэфектыўнай вакуумнай тэрмічнай апрацоўкі, такія як цэментацыя, нітрацэментацыя, загартоўка, адпал, водпуск у вакууме або ў асяроддзі інэртнага газу.
Распрацоўка вакуумных высокатэмпературных умацавальных тэхналогій дазволіць айчынным прадпрыемствам павысіць эфектыўнасць вытворчасці са зніжэннем сабекошту і павышэннем якасці прадукцыі, знізіць рызыку прыняцця няправільных тэхнічных рашэнняў пры рэалізацыі інавацыйных праектаў па пераўзбраенні і мадэрнізацыі вытворчасці, забяспечыць доступ спецыялістаў да сучасных тэхналогій пры стварэнні новай прадукцыі.