27 лютага 2025 г. на базе НАН Беларусі адбылося пасяджэнне Савета па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У яго рабоце прынялі ўдзел вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі, спецыялісты дзяржаўных органаў і профільных арганізацый. На пасяджэнні было разгледжана пытанне «Аб развіцці беспілотных сістэм у Рэспубліцы Беларусь».
Старшыня Савета Уладзімір Гусакоў пазначыў мэтавую функцыю пасяджэння як атрыманне максімальна поўнага і ўсебаковага бачання сучаснага стану і перспектыў развіцця і прымянення беспілотных сістэм у галінах беларускай эканомікі, падкрэсліўшы, што дадзеная праблематыка знаходзіцца на кантролі ў Кіраўніка дзяржавы і Урада.
Уладзімір Гусакоў акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў пасяджэння на комплекснасці катэгорыі «Беспілотная сістэма», якая ўключае матэрыяльныя (корпус, блокі сілкавання і акумулятары, прывады, выканаўчыя механізмы, датчыкі, сэнсары, чыпы для вылічэнняў, сеткавая інфраструктура, у тым ліку для высакаскораснай перадачы дадзеных 4G, 5G і інш.) і нематэрыяльныя кампаненты (праграмнае забеспячэнне, алгарытмы, элементы саманавучання з выкарыстаннем штучнага інтэлекту, камп'ютарны зрок і распазнаванне вобразаў, вялікія даныя і іх апрацоўка, у тым ліку «воблачныя» сховішчы і вылічэнні, а таксама стандартызацыя і сертыфікацыя і інш.).
Ключавая роля, як падкрэсліў Старшыня Савета, належыць кадрам – распрацоўшчыкам, канструктарам, тэхнолагам, аператарам. Менавіта яны ствараюць беспілотныя сістэмы, прадугледжваюць іх тэхнічныя характарыстыкі, функцыянальныя асаблівасці, «навучаюць» іх, ажыццяўляюць маніторынг, выконваюць сэрвіснае і рамонтнае абслугоўванне.
Істотныя напрацоўкі па беспілотных сістэмах маюцца і ў Беларусі. Дзейнічаюць прадпрыемствы, уключаючы сістэму НАН, якія выпускаюць беспілотнікі. Адпрацоўваюцца тэхналогіі прымянення беспілотных кар'ерных самазвалаў БелАЗ. Выраблены беспілотны трактар МТЗ. Акадэмічнымі навукоўцамі ствараюцца найноўшыя рашэнні з выкарыстаннем штучнага інтэлекту, тэхнічнага зроку, МЭМС-сістэмы, арыентаваныя на шырокае вытворчае прымяненне.
Таму да ўдзелу ў пасяджэнні былі запрошаны прадстаўнікі арганізацый, якія займаюцца вытворчасцю беспілотнай тэхнікі, а таксама кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, якія яе эксплуатуюць.
Пытанні прагназавання і праграмна-мэтавых аспектаў развіцця беспілотных сістэм былі асветлены акадэмікам-сакратаром Аддзялення фізіка-тэхнічных навук НАН Беларусі Сяргеем Шчарбаковым.
Магчымасці айчынных вытворцаў беспілотных сістэм і перспектыўныя напрамкі іх развіцця былі раскрытыя ў дакладах Юрыя Яцыны, дырэктара Навукова-вытворчага цэнтра шматфункцыянальных беспілотных комплексаў НАН Беларусі, Юрыя Леанаўца, генеральнага дырэктара Кітайска-Беларускага СЗАТ «Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы», а таксама Дзмітрыя Бурбо, старшыні Савета дырэктараў ЗАТ «КБ Беспілотныя Верталёты».
Аб сучасным стане і прымяненні беспілотных сістэм у галінах і сферах нацыянальнай эканомікі, ацэнках і перспектывах далажылі намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун, намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Галанаў, намеснік Міністра транспарту і камунікацый Сяргей Дубіна, першы намеснік Міністра ўнутраных спраў Юрый Назаранка і першы намеснік Міністра па надзвычайных сітуацыях Аляксандр Худалееў.
Актуальныя распрацоўкі прамысловых прадпрыемстваў у галіне беспілотных сістэм прадставілі БелАЗ і Белкамунмаш.
На кампетэнцыях і напрацоўках акадэмічных вучоных па «разумных» рашэннях для гарадоў, прамысловасці, АПК і аховы здароўя быў зроблены акцэнт у дакладзе Сяргея Круглікава, генеральнага дырэктара Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі.
Па выніках пасяджэння прыняты рашэнні і дадзены адпаведныя даручэнні.