Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

14.03.2025

НАН Беларусі і ЦКК «СККФ» падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве

З 10 па 14 сакавіка 2025 г. дэлегацыя НАН Беларусі на чале з акадэмікам-сакратаром аддзялення фізіка-тэхнічных навук Сяргеем Шчарбаковым знаходзілася з візітам у Сібірскім аддзяленні Расійскай акадэміі навук (СА РАН) у г. Новасібірску.

11 сакавіка 2025 года падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і Цэнтрам калектыўнага карыстання «Сібірская кальцавая крыніца фатонаў» Расійскай акадэміі навук (ЦКК «СККФ»). Дакумент падпісалі Сяргей Шчарбакоў, акадэмік-сакратар Аддзялення фізіка-тэхнічных навук НАН Беларусі, і Яўген Левічаў, дырэктар ЦКК «СККФ». У рамках Пагаднення плануецца, з улікам прыярытэтаў навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы, аб'яднанне намаганняў вучоных Беларусі і СА РАН з мэтай стварэння на базе міжнароднага расійска-беларускага кансорцыума эксперыментальнай станцыі ЦКК «СККФ» другой чаргі («Бел-СI»). Дакумент прадугледжвае таксама падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў-карыстальнікаў праектуемай і іншых запланаваных у ЦКК «СККФ» эксперыментальных станцый, правядзенне даследаванняў па прыярытэтных напрамках стратэгіі навукова-тэхналагічнага развіцця Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Адбылася сустрэча са старшынёй Сібірскага аддзялення РАН, віцэ-прэзідэнтам РАН акадэмікам Валянцінам Пармонам і прадстаўнікамі адміністрацыі СА РАН і ЦКК «СККФ», на якой былі абмеркаваны перспектывы развіцця далейшага супрацоўніцтва НАН Беларусі і СА РАН, праведзены перамовы аб канцэптуальным праекце і тэхналагічных асаблівасцях сумеснай станцыі «Бел-СI». Беларуская дэлегацыя наведала шэраг інстытутаў Акадэмгарадка. Была абмеркавана Дарожная карта навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і СА РАН на 2023-2025 гады.

Цэнтр калектыўнага карыстання «Сібірская кальцавая крыніца фатонаў» Інстытута каталізу СА РАН – праект класа «мегасайенс» з сінхратронам пакалення 4+, які будуецца ў новасібірскім навукаградзе Кальцова. Унікальныя характарыстыкі новага сінхратрона дазволяць праводзіць перадавыя даследаванні з яркімі і інтэнсіўнымі пучкамі рэнтгенаўскага выпраменьвання ў розных абласцях – хіміі, фізіцы, матэрыялазнаўстве, біялогіі, геалогіі, гуманітарных навуках. Таксама СККФ дапаможа вырашыць актуальныя задачы інавацыйных і прамысловых прадпрыемстваў. Сібірская кальцавая крыніца фатонаў ствараецца ў рамках нацыянальнага праекта «Навука і ўніверсітэты» для развіцця сучаснай айчыннай сеткі крыніц сінхратроннага выпраменьвання новага пакалення ў Расіі. Завяршэнне будаўніцтва намечана на канец 2025 года.