Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

14.03.2025

Адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета інавацыйна-прамысловага кластара «Мікра-, опта- і ЗВЧ-электроніка»

13 сакавіка 2025 года на базе ААТ «Мінскі НДІ радыёматэрыялаў» НАН Беларусі пад кіраўніцтвам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Уладзіміра Гусакова адбылося пасяджэнне каардынацыйнага савета інавацыйна-прамысловага кластара «Мікра-, опта- і ЗВЧ-электроніка». У яго рабоце прынялі ўдзел вядучыя вучоныя і спецыялісты краіны: кіраўнікі і прадстаўнікі ААТ «Інтэграл», ААТ «Планар», ААТ «Мінскі НДІ радыёматэрыялаў», ДНВА «Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка», навуковых арганізацый НАН Беларусі, БДУ, БНТУ і БДУІР. На пасяджэнні былі абмеркаваны задачы, якія ставяць перад акадэмічнымі арганізацыямі і ВНУ прадпрыемствы мікраэлектроннай прамысловасці краіны з мэтай планавання іх у новай пяцігодцы. Так, былі разгледжаны перспектыўныя навуковыя задачы ААТ «Інтэграл», распрацоўка новых канструкцый, тэхналогій і матэрыялаў на аснове GaN для сілавой і ЗВЧ-электронікі, пашырэнне інавацыйна-прамысловага кластара «Мікра-, опта- і ЗВЧ-электроніка».

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў адзначыў, што сёння развіццё мікраэлектронікі з'яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў развіцця нашай краіны. На гэта нацэльвае навукоўцаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. У цяперашні час ідзе работа па рэалізацыі праграмы «Развіццё мікраэлектроннай прамысловасці Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2030 года», якая змяшчае цэлы шэраг мерапрыемстваў па ўдасканаленні і мадэрнізацыі дзеючых у Рэспубліцы Беларусь мікраэлектронных вытворчасцяў. Падкрэслена: сёння ва ўмовах жорсткіх міжнародных абмежаванняў і разрыву кааперацыйных сувязяў навукоўцы НАН Беларусі і вядучых ВНУ нашай краіны павінны працаваць у шчыльнай звязцы з вытворчымі прадпрыемствамі.

Аддзяленням НАН Беларусі даручана падрыхтаваць прапановы па навуковым суправаджэнні перспектыўных работ у інтарэсах прадпрыемстваў, падведамных Міністэрству прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Інстытуту фізікі НАН Беларусі дадзена даручэнне арганізаваць работы па развіцці роставай базы нітрыдных гетэраструктур у рамках галіновай лабараторыі. Адобрана далучэнне да Пагаднення аб стварэнні і дзейнасці інавацыйна-прамысловага кластара «Мікра-, опта- і ЗВЧ-электроніка» 9 новых навуковых арганізацый: Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі, Інстытута цепла- і масаабмену імя А. В. Лыкава НАН Беларусі, Фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі, Інстытута прыкладной фізікі НАН Беларусі, Дзяржаўнага прадпрыемства «Цэнтр радыётэхнікі НАН Беларусі», Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі, Інстытута матэматыкі НАН Беларусі, Дзяржаўнага прадпрыемства «ЦСОТ НАН Беларусі», Дзяржаўнай навуковай установы «Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў – Сосны».

На каардынацыйным савеце адзначана, што пашырэнне кластара і далучэнне новых вытворчых прадпрыемстваў, навуковых арганізацый і ВНУ дасць магчымасць не толькі захаваць айчынныя навуковыя школы ў галіне мікра- і нанаэлектронікі, электроннага і оптаэлектроннага прыборабудавання і машынабудавання, але і паспяхова развівацца ў гэтых галінах.

На пасяджэнні каардынацыйнага савета БДУІР і ААТ «Мінскі НДІ радыёматэрыялаў» падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве.

Інавацыйна-прамысловы кластар «Мікра-, опта- і ЗВЧ-электроніка» створаны ў 2017 годзе. У яго ўвайшлі арганізацыі НАН Беларусі, ААТ «Інтэграл», ААТ «Планар», ААТ «НДІ радыёматэрыялаў», а таксама ВНУ – БДУ, БНТУ і БДУІР. Кластар быў створаны для пашырэння супрацоўніцтва паміж навукоўцамі і вытворчай сферай і сумеснага выканання імі навуковых даследаванняў, доследна-канструктарскіх распрацовак, а таксама арганізацыі вытворчасці перадавых і канкурэнтаздольных вырабаў мікраэлектронікі.