Пяць кніг Выдавецкага дома «Беларуская навука» сталі пераможцамі 64-га нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі»
Пяць кніг Выдавецкага дома «Беларуская навука» сталі пераможцамі 64-га нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі». Гэта вынік прадуктыўнай і зладжанай работы кнігавыдаўцоў і навукоўцаў. Цырымонія ўзнагароджання адбылася 15 сакавіка на XXXII Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы.
У намінацыі «Арт-кніга» пераможцам прызнана выданне «Штрыхі гавораць: альбом графічных работ» (аўтар – акадэмік А.I. Лакотка). Тут прадстаўлены графічныя работы, выкананыя аўтарам у розныя гады па матэрыялах экспедыцый і паездак па Беларусі і суседніх краінах. Яшчэ адна кніга – «Дзяржаўнасць Беларусі: даты, факты, падзеі / да 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь» – стала пераможцам у намінацыі «Навука i веды». У кнізе паказаны складаны шлях, пройдзены народам Беларусі са старажытных часоў да фарміравання нацыянальнай суверэннай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь.
Дыпломамі першай ступені адзначаны: у намінацыі «Духоўнасць» – кніга А. Марціновіча «Асобы ў часе», у намінацыі «Навука i веды» – «Яркія прадстаўнікі дзікай прыроды Беларусі» (падрыхтавана аўтарскім калектывам вучоных НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах). Першая прысвечана сямі нашым выбітным суайчыннікам, чые імёны ўвекавечаны ў архітэктурна-скульптурнай кампазіцыі «Залатое кальцо беларускай навукі», размешчанай каля НАН Беларусі. Другая прыводзіць дадзеныя аб найбольш вядомых у Беларусі відах млекакормячых і птушак, а таксама раслін і грыбоў, якія з'яўляюцца самымі яркімі прадстаўнікамі флоры нашай краіны. Кожны нарыс суправаджаецца каляровымі ілюстрацыямі, прыводзяцца як найбольш важныя адметныя характарыстыкі вiду, так і цікавыя факты пра яго.
У спецыяльнай намінацыі «За ўклад у захаванне гiсторыка-культурнай спадчыны» дыпломам другой ступені адзначана кніга «Святочны час: народныя звычаі і павер’і ў аповедах беларусаў» (аўтар – Т. Кухаронак, Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры). У кнізе на аснове сабраных у экспедыцыях матэрыялаў прыводзіцца комплекснае прадстаўленне святочных звычаяў, абрадаў, песень з прывязкай да народнага календара. Таксама прыводзяцца ўспаміны і апавяданні беларусаў, сабраныя ў апошнія 10-20 гадоў і звязаныя з каляндарна-абрадавай тэматыкай.