20 сакавіка 2025 года ў 14.30 у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (вул. Сурганава, д. 1, корп. 2, аўд. 302) адбудзецца пасяджэнне кіналекторыя «Экран і час», прысвечанае 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, пад назвай «Залатая калекцыя Льва Голуба: Валодзя» з паказам гульнявога фільма «Вуліца малодшага сына» (Беларусьфільм, 1962).
Леў Уладзіміравіч Голуб – класік савецкага кіно, рэжысёр, сцэнарыст, народны артыст БССР (1964). Дзіцячыя гульнявыя поўнаметражныя фільмы Л. Голуба выклікаюць непадробленую цікавасць і ў сённяшніх гледачоў. Яны вучаць іх сумленнасці, мужнасці, стойкасці, вернасці свайму слову і справе.
Ваенная драма-кінааповесць «Вуліца малодшага сына» (1962) з'яўляецца экранізацыяй аднайменнага рамана Льва Касіля і Макса Паляноўскага, прысвечанага подзвігу юнага піянера-героя Валодзі Дубініна, была прымеркавана да 40-й гадавіны ўтварэння Усесаюзнай піянерскай арганізацыі. Сама ж літаратурная аповесць, заснаваная на рэальных падзеях, была выдадзена ў 1949 г., перакладзена на мовы многіх краін свету, а ў 1951 г. за яе Леў Касіль быў удастоены звання лаўрэата Сталінскай прэміі трэцяй ступені.