20 сакавіка 2025 года ў НАН Беларусі адбылася прэзентацыя кнігі «Наш Прэзідэнт». Перад прадстаўнікамі навуковай грамадскасці выступілі прадстаўнікі аўтарскага калектыву: Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў, доктар педагагічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь і Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч, дырэктар УП «Беларусь», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. З прывітальным словам выступіў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік Уладзімір Рыгоравіч Гусакоў. Уладзімір Гусакоў адзначыў важнасць такой прэзентацыі для навуковай супольнасці: «Вялікую ролю адыграў Прэзідэнт у адстойванні і захаванні ў цяперашняй форме і Нацыянальнай акадэміі навук. Пасля абрання Кіраўнік дзяржавы першае, што зрабіў, – прыязджаў у Акадэмію навук, выслухаў навукоўцаў, паабяцаў і забяспечыў падтрымку». Кіраўнік НАН Беларусі нагадаў, што намаганнямі Прэзідэнта Акадэмія навук рэалізавала цэлы шэраг маштабных праектаў, у тым ліку касмічны. Тым важней навуковай грамадскасці ведаць кнігу пра Прэзідэнта, якая стала, па перакананні Уладзіміра Гусакова, яшчэ адным брэндам краіны.
На прэзентацыі аўтары распавялі пра тое, як тры гады ішла карпатлівая работа над кнігай «Наш Прэзідэнт», якія задачы ставіў аўтарскі калектыў, якім поспехам карыстаецца сёння кніга ва ўсіх жыхароў краіны. Падчас сустрэчы аўтары адказалі на шматлікія пытанні прадстаўнікоў навуковай грамадскасці, маладых навукоўцаў.
Сваімі думкамі і ўражаннямі ад прачытанай кнігі падзяліліся дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі Мікалай Мыслівец, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, дырэктар Цэнтральнай навуковай бібліятэкі ім. Якуба Коласа НАН Беларусі, старшыня Савета маладых вучоных НАН Беларусі Станіслаў Юрэцкі.